Беларускія прадпрымальнікі вырашылі забяспечыць выбарчыя участкі празрыстымі скрынямі. Аб гэтым іх прадстаўнікі заявілі на прэс-канферэнцыі 11 лістапада.
Прадпрымальнікаў на ёй прадстаўлялі Віктар Гарбачоў, Віктар Калей і Аляксандр Макаеў. Паводле іх словаў, празрыстыя скрыні ўжо пачалі рабіць.

«Гэта адзін з элементаў дэмакратычных выбараў. Мы хочам зрабіць свой унёсак у тое, каб выбары прайшлі згодна законам. Калі ёсць грошы на „Славянскі базар“ і на „Дажынкі“, чаму іх тады няма на празрыстыя скрыні?», — зазначыў В.Гарбачоў.

Па словах прадпрымальнікаў, скрыні ўжо пачалі рабіць у Мінску, Магілёве, Барысаве, Фаніпалі і нават ва Уздзе.

На прэс-канферэнцыю прадпрымальнікі прывезлі узоры празрыстых скрыняў, вырабленых у Беларусі адмыслова для выбараў. Яны былі аздобленыя выявай дзяржаўнага герба.

«Мы тут нават тут прыляпілі тое, што ў народзе называецца капустай, а афіцыйна лічыцца гербам. Усё згодна патрабаванням Выбарчага кодэксу. Не трэба рабіць так, як некалі Ціцянкоў», — заявіў Уладзімір Някляеў,
які з’яўляецца ініцыятарам выкарыстоўвання празрыстых скрыняў на выбарах 19 снежня. Са слоў Някляева, скрыні, якія будуць зробленыя ў Беларусі за грошы беларускіх прадпрымальнікаў, ЦВК не зможа лічыць замежнай дапамогай (папярэдняя спроба Някляева прывезці празрыстыя скрыні з Польшчы і Літвы была адкінутая Л.Ярмошынай). Някляеў таксама агучыў адказ ЦВК, дзе гаварылася, што пры наяўнасці сродкаў можа быць прынятае рашэнне аб выкарыстанні празрыстых скрыняў. «Можа быць прынятае, а можа і не. Яны нам прапанавалі грошы ім пералічыць. Мы вырашылі даць не грошы, а скрыні і звярнуліся да прадпрымальнікаў. Я нават не чакаў, што прапанова вырабіць скрыні сваімі сіламі будзе сустрэтая з такім імпэтам», — паведаміў Някляеў.

Сяргей Калякін, кіраўнік кампаніі «За празрыстыя выбары», які таксама прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, зазначыў, што празрыстыя скрыні не гарантуюць дэмакратычнасці выбараў, але з’яўляюцца неабходным элементам гэтага: «Справы ў Лукашэнкі ідуць дрэнна. Ён лідар гонкі, але рэйтынг кіраўніка краіны пастаянна памяншаецца. Лукашэнка не зможа выйграць у першым туры. Фальсіфікацыі магчымыя і з празрыстымі скрынямі, але яны неабходныя. Гэта вялікі крок да дэмакратычных выбараў».

Прадстаўнікі прадпрымальнікаў паведамілі прыкладны кошт адной вялікай празрыстай скрыні — 140–180 тысяч беларускіх рублёў. Улічваючы, што ў Беларусі 6,5 тысяч выбарчых участкаў, на кожным з якіх павінны быць дзве вялікія празрыстыя скрыні і тры малыя перанасныя, сродкі патрэбныя не маленькія. Аднак прадпрымальнікі гатовыя скласціся.

«Мы штомесяц аплочваем мільённыя штрафы, якімі нас абкладае дзяржава. Можам зараз і на скрыні грошы знайсці.
Хочам зрабіць свой унёсак у агульную справу», — зазначыў Віктар Гарбачоў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?