Прэзідэнт украінскай кандытарскай карпарацыі Roshen Вячаслаў Маскалеўскі лічыць, што спробы Беларусі абмежаваць імпарт кандытарскіх вырабаў могуць мець негатыўныя наступствы для экспарту краіны.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю БелаПАН, каментуючы ініцыятыву Камітэта дзяржкантролю Беларусі вывучыць мэтазгоднасць імпарту ў краіну кандытарскай прадукцыі.

«Імпартазамяшчэнне — гэта пратэкцыянізм, які выклікае меры ў адказ і ні да чаго добрага не прыводзіць», — мяркуе Маскалеўскі.

Кіраўнік Roshen паведаміў,

што мае намер асабіста ініцыяваць абмежаванні паставак беларускіх тавараў ва Украіну ў выпадку, калі Беларусь адмовіцца прымаць на ўнутраны рынак украінскую кандытарскую прадукцыю.

«Натуральна, я буду настойваць на мерах у адказ, але толькі не па кандытарскіх вырабах, а па іншых пазіцыях, адчувальных для беларускага боку», — удакладніў Маскалеўскі.

На думку прэзідэнта карпарацыі Roshen, за спробамі абмежаваць імпарт бачна рука беларускіх вытворцаў, якія імкнуцца такім чынам пазбавіцца ад канкурэнтаў.

«Яны займаюцца палітыкай, а трэба займацца кандытарскімі вырабамі», — гаворыць Маскалеўскі.

У якасці прыкладу таго, што беларускіх вытворцаў імкнуцца ўберагчы ад канкурэнцыі, суразмоўца БелаПАН прывёў гісторыю двухгадовай даўніны. «Мы выказалі тады жаданне набыць у Беларусі зямлю, арганізаваць на тэрыторыі вашай краіны ўласную вытворчасць кандытарскіх вырабаў, — нагадаў Маскалеўскі. — Пытанне абмяркоўвалася на ўзроўні віцэ-прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі, але канцэрн „Белдзяржхарчпрам“ адмовіўся катэгарычна супраць стварэння нашай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі».

На думку Маскалеўскага, палітыка беларускага боку, скіраваная на «манапалізацыю кандытарскай індустрыі», прыводзіць да пагаршэння якасці мясцовай прадукцыі.

Нагадаем, 5 лістапада Аляксандр Лукашэнка прымаў з дакладам старшыню Камітэта дзяржкантролю Зянона Ломаця, які паставіў пад сумненне неабходнасць імпарту кандытарскіх вырабаў у краіну.

У афіцыйным паведамленні прэс-службы прэзідэнта гаворыцца, што Камітэт дзяржкантролю «мае намер вывучыць пытанне абгрунтаванасці імпарту кандытарскіх вырабаў пры наяўнасці дастатковых сучасных магутнасцей па іх вытворчасці» на ўнутраным рынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?