Нацыянальны банк адкарэктаваў праект Асноўных накірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год з улікам заўваг прэзідэнта. Пра гэта 11 лістапада праінфармаваў кіраўніка дзяржавы старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч.

«Адпрацоўка гэтых пытанняў Нацыянальным банкам скончана, і літаральна найбліжэйшым часам, не пазней за заўтрашні дзень, канчатковы варыянт дакумента будзе ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы», — цытуе Пракаповіча прэс-служба прэзідэнта. Пры гэтым сутнасць заўваг кіраўніка дзяржавы і ўнесеных карэкціровак не ўдакладняецца.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб выніках выканання Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі ў студзені- кастрычніку 2010 года і аб вырашэнні задач, якія стаяць перад банкаўскай сістэмай краіны да канца года. Прэзідэнт быў праінфармаваны аб тым, што ў цэлым па выніках года Нацбанк забяспечыць іх рэалізацыю.

Так, крэдытаванне рэальнага сектара эканомікі з пачатку года павялічылася больш чым на 20 трлн. рублёў, ці на 30%. Як сцвярджае Пракаповіч, усе запатрабаванні і насельніцтва, і рэальнага сектара эканомікі ў крэдытах задавальняюцца. Пры гэтым кіраўнік Нацбанка запэўніў прэзідэнта, што і па выніках года запланаваны паказчык па росце крэдытаў на 36–40% будзе забяспечаны.

Таксама выконваецца праграма працэнтнай палітыкі, у тым ліку па паніжэнні стаўкі рэфінансавання (яе ў гэтым годзе Нацбанк памяншаў ужо шэсць разоў) і працэнтных ставак на фінансавым рынку.

Забяспечваецца стабільнасць нацыянальнай валюты. Ваганні беларускага рубля да кошыка замежных валют у гэтым годзе былі ў межах ад умацавання на 1% да патанення на 4%. Такія ваганні застануцца і да канца года, падкрэсліў Пракаповіч.

Ён заявіў, што стабільнасць нацыянальнай валюты будзе забяспечана і да канца гэтага года, і ў наступным годзе. Гэта пацвярджаецца ростам золатавалютных рэзерваў краіны. На 1 лістапада 2010 года міжнародныя рэзервовыя актывы ў нацыянальным азначэнні склалі 6 млрд. 365 млн. долараў, што амаль на 400 млн. долараў больш, чым на пачатак года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?