Сапраўдная 9-я рота 345-га парашутна-дэсантнага палка сапраўды абараняла стратэгічную вышыню 3234. Аднак у рэальнасьці падзеі адбываліся не зусім так, як у фільме: у баі загінула ня ўся рота, а шэсьць чалавек, дапамога ўсё ж прыйшла, але ніякае кіраўніцтва на вышыню на верталёце не прылятала. Хоць фільм някепскі. Многія з камбатантаў той вайны, у тым ліку тыя, хто служыў у 9-й роце, ледзь не пазнаюць сябе ў героях фільму. І самае галоўнае — кожны мужчына, які служыў у СА, можа ўбачыць, што фільм не абыходзіць вострых вуглоў армейскага жыцьця — нестатутныя адносіны, бязладныя сэксуальныя кантакты, п’янства.

Але... «Маладых» у фільме «раўнуе» ня дзед-стараслужачы, а круты прапар. І робіцца гэта выключна... з добрымі пэдагагічнымі намерамі. «Строгі, але справядлівы» савецкі прапар на манер амэрыканскага сяржанта патрабавальна рыхтуе салдат да вайны, каб яны маглі выжыць — але ў выніку ўсе гінуць.

Вэтэраны аўганскай вайны кажуць: дзедаўшчына ў Аўгане была куды страшнейшая, чым у Саюзе. Нярэдка маладых, што прыбылі з «вучэбкі», жорстка білі адразу пасьля таго, як яны сыходзілі з самалёта на аўганскую зямлю. Проста так: «Ты там, у Саюзе, халявіў, а я тут за цябе кроў праліваў».

Сёе-тое, частку праўды са спэцыфічнай аўганскай дзедаўшчыны ў фільме ўсё ж адлюстравалі — напрыклад, паход па запалкі ў кішлак. У рэчаіснасьці іншы раз дзяды падымалі маладых начамі і адпраўлялі ў кішлак па ляпёшкі, вінаград. Шанцы вярнуцца былі не ва ўсіх. Але гэта яшчэ ня самае страшнае. Былі выпадкі, калі дзяды гналі наперад сябе маладых. Хоць на гэтай вайне прысутнічалі і ўзаемадапамога, і ахвяраваньне жыцьцём дзеля выратаваньня сябра.

Наіўна было б чакаць ад расейскага кіно той праўды аб вайне, якая была ў супрацьлеглага аўганскага боку. На «шураві» як на акупантаў і агрэсараў глядзелі ня толькі муджагеды-ісламісты, але і многія з тых, хто першапачаткова падтрымаў Красавіцкую рэвалюцыю — левыя нацыяналісты. Таму свой Олівэр Стоўн у Расеі доўга ня зьявіцца. У «9-й роце», у адрозьненьне ад «Узводу», няма ні спачуваньня да аўганскага народу, ні нават элемэнтарнай павагі да воінскага майстэрства муджагедаў.

У «9-й роце» ёсьць яшчэ адна характэрная «фенька». З кантэксту наўмысна выключана амаль усё савецкае і камуністычнае. Зразумела, што ў той час ваеннаслужачыя СА ў ДРА няшмат разважалі пра авангардную ролю «рабочай клясы» Аўганістану, а ў асноўным пра тое, як больш прыхапіць з напаўсярэднявечнай краіны дэфіцыту «рэальнага» сацыялізму — джынсаў «Лівайс», красовак «Адыдас» ды магнітафонаў «Панасонік». Аднак камуністычная прамыўка мазгоў аб быццам бы інтэрнацыянальным абвязку вялася ў СА вельмі інтэнсіўна. Камуністычная сымболіка прысутнічала амаль што на кожным кроку. Але сучасныя расейскія ідэолягі, у тым ліку і ад кіно, з усёй моцы спрабуюць адысьці ад непатрэбнага ім «чырвонага» мінулага і заднім чыслом прыватызаваць яго на карысьць сучаснай Расейскай імпэрыі.

Галоўная задача «9-й роты» — любой цаной утрымаць стратэгічную вышыню расейскага патрыятызму. Архаічны вобраз мужчынскага саюзу пакладзены ў аснову сучаснага расейскага прымітызаванага патрыятызму. Праз бандыцкую «брыгаду», «роту» парашутыстаў, «мянтоў», празь вернасьць сваёй супольнасьці «крутых» — да вернасьці «крутой» глябальнай супольнасьці Вялікай імпэрыі.

Фільм «9-я рота» — кіно-паўпраўда. Паўпраўда часам бывае горшай за шчырую хлусьню. Часам — першым крокам да праўды.

Юры Глушакоў — грамадзкі актывіст з Гомелюя, дэпутат гарсавету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0