У чацвер, 4 лістапада, былы начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама прыйшоў да пракурора вобласці Віктара Марозава, каб здацца. Паўгода міліцыя безвынікова шукала генерал-маёра Генадзя Хацько па ўсёй Беларусі і Расіі. Сам ён растлумачыў, што знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу.

 Дом, які пабудаваў генерал Хацько

Дом, які пабудаваў генерал Хацько

Генерал знік неўзабаве пасля таго, як у дачыненні да яго пракуратура распачала крымінальную справу па ч.3 арт.424 КК «Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі». Здарылася гэта 26 студзеня гэтага года.

У віну Генадзю Хацько паставілі тое, што ён незаконна выкарыстаў рэсурсы абласнога УУС пры будаўніцтве катэджа. Аднак праз два з паловай тыдня, 13 лютага, жонка генерала прыйшла ў міліцыю і заявіла аб тым, што муж знік. На адной з прэс-канферэнцый новы начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Валянцін Міхневіч згадаў, што жанчына ў міліцыі распавядала аб знікненні мужа спакойна, без эмоцый, дзейнічаючы як быццам па загадзя падрыхтаваным плане. Пасля гэтага распачалі яшчэ адну справу па факце знікнення чалавека.

Генадзь Хацько з’явіўся на мінулым тыдні ў кабінет пракурора Гродзенскай вобласці з пакаяннем. Прызнаў сябе вінаватым у злачынстве, у якім падазраваўся, і паабяцаў выплаціць шкоду, нанесеную дзяржаве.
Апынулася, што сёння гэта ўсяго толькі ... 11.000.000 рублёў. У ходзе расследавання сума можа павялічыцца, паведаміў старшы памочнік абласнога пракурора Вячаслаў Ігнацік.
Рынкавы кошт самога двухпавярховага катэджа, які пабудаваў генерал, ацэньваецца ў дзвесце тысяч даляраў. Сёння гэтая нерухомасць арыштаваная. Як стала вядома, Генадзь Хацько верне сабе маёмасць, калі пакрые абавязак перад дзяржавай.

Па словах старшага памочніка пракурора вобласці Вячаслава Ігнаціка, у сувязі з раскаяннем, былога начальніка абласнога УУС не арыштавалі, а адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Суразмоўца удакладніў, што генерала не будуць караць за тое, што той знік падчас следства. Прычына такой паблажлівасці ў тым, што на момант знікнення не было вырашана, якую меру стрымання абраць у дачыненні да Генадзя Хацько. Падпіску аб нявыездзе ён таксама не падпісваў.

Вячаслаў Ігнацік сказаў, што

паводле Крымінальнага Кодэксу РБ Генадзь Хацько можа разлічваць на спыненне крымінальнай справы, калі цалкам кампенсуе шкоду.
Такую магчымасць дае арт.88 КК РБ «Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем». Праўда, для гэтага Генадзю Хацько трэба напісаць прашэнне на імя прэзідэнта і чакаць рашэння. Згаданым артыкулам можа скарыстацца чалавек, які ўпершыню здзейсніў злачынства, якое не ўяўляе вялікай небяспекі для грамадства. Шанец ёсць і ў тых, хто абвінавачваецца ў менш цяжкім злачынстве. Праўда, такія людзі павінны раскаяцца або спрыяць выяўленню злачынства, а таксама пакрыць нанесеную шкоду.

Разам з тым год назад прэзідэнт ужо сказаў сваё слова з нагоды дзеянняў 52-гадовага генерал-маёра. Аляксандр Лукашэнка Указам №530 ад 3 лістападзе 2009 года вызваліў Генадзя Хацько ад пасады начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама з фармулёўкай «у сувязі са здзяйсненнем правінаў, што дыскрэдытуюць званне супрацоўніка органаў унутраных спраў». Ці можна казаць пасля гэтага аб дараванні, пакажа час.

Нагадаем, што

сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна ідзе працэс над былым намеснікам Генадзя Хацько па гаспадарчай частцы. Сяргея Рудніка таксама абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі для будаўніцтва катэджа свайму начальніку.
Санкцыя артыкула, па якім абвінавачваецца міліцыянт, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Застаецца загадкай, якім чынам доўгі час генерал Генадзь Хацько змог заставацца незаўважаным для міліцыянтаў. Тым больш змог незаўважна перасекчы мяжу з Расіяй, хай і без пашпартнага кантролю. Бо, да прыкладу, на цягнікі і аўтобусы міжнароднага паведамлення можна купіць квіток толькі з прад’яўленнем пашпарта. Атрымліваецца, што яму трэба было перасоўвацца на аўтамабілі, пры гэтым пажадана было мець кампаньёна: у кіроўцы супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі маглі праверыць дакументы. Асцярожнасць трэба было праяўляць і на тэрыторыі Расіі, бо туды была накіравана інфармацыя аб вышуку Генадзя Хацько. Зрэшты, са з’яўленнем былога начальніка абласной міліцыі шчасліва развеяліся шматлікія чуткі. Адна з якіх: нібыта генерал, хаваючыся ад крымінальнага пераследу, з’ехаў за мяжу да дачкі. Міфам апынулася і страшная гісторыя, паводле якой у Віцебскай вобласці быў знойдзены мёртвы мужчына вельмі падобны на былога кіраўніка абласнога УУС.

Чым скончыцца расследаванне ў дачыненні да генерал-маёра Генадзя Хацько, пакажа час. «Вячорка» будзе сачыць за развіццём падзей.

Дасье

Хацько Генадзь Яўгенавіч. Нарадзіўся 29 жніўня 1957 года ў вёсцы Каўпакі Гродзенскага раёна. Скончыў спецыяльную сярэднюю школу міліцыі ім. М. Фрунзе МУС СССР і Гродзенскі дзяржуніверсітэт ім. Я. Купалы. Службу ў органах пачынаў міліцыянтам цэнтралізаванай аховы мотаўзвода начной міліцыі дывізіёна Гродзенскага райаддзела міліцыі. Затым прайшоў шлях ад ўчастковага да начальніка Кастрычніцкага РАУС Гродна. З 2005 па 2009-ы год узначальваў міліцыю вобласці.

З інтэрв’ю газеце «Вечерний Гродно» ад 28 лютага 2007 года.

Які працэнт даверу да супрацоўнікаў УУС?

— Больш за 30% грамадзян цалкам давяраюць міліцыі. Гэта нармальна. Мы не артысты і не спартсмены, каб усім падабацца.

Чым адрозніваецца супрацоўнік міліцыі сёння ад калегі, які працаваў 20-30 гадоў назад?

— Сёння ў міліцыі вышэйшы інтэлект. Міліцыянты больш адказныя, не баяцца прымаць рашэнні і адказваць за іх. Раней такіх было няшмат, але тады людзі былі псіхалагічна больш устойлівыя.

Ваша жонка для вас — сябар?

— Аднадумца. Часам яна апошняй даведаецца пра нейкія падзеі з СМІ.

Як здымаеце стрэс?

— Прырода, лазня. Да нядаўняга часу бегаў. Зараз хаджу пешшу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?