Усе 11 прэтэндэнтаў перадалі ў Цэнтрвыбаркам дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты.

Гэта зрабілі намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік саюза "За мадэрнізацыю" Алесь Міхалевіч, лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, лідар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў, кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка, дырэктар прадпрыемства "Трывіум" Дзмітрый Ус.

Свае дакументы на рэгістрацыю падаў таксама індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска Уладзімір Правальскі. Аднак, як раней заяўляў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, у Правальскага няма шанцаў быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты, бо ў яго падтрымку не сабрана неабходная колькасць подпісаў.

Заяву аб згодзе балатавацца кандыдатам у прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі данымі і дэкларацыю аб даходах і маёмасці прэтэндэнты на пост прэзідэнта павінны перадаць не пазней як 13 лістапада ўключна.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты будзе праведзена Цэнтрвыбаркамам з 14 па 23 лістапада. Паводле слоў Лазавіка, верагодней за ўсё, гэта адбудзецца 18 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?