Толькі пасьля блаславеньня мітрапаліта Філарэта ў праваслаўнай катэдры студэнты змаглі трапіць на сьвяточную дыскатэку, прысьвечаную юбілею Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Студэнты, якія хацелі бясплатна патанчыць на ўнівэрсытэцкай дыскатэцы, павінны былі прайсьці шэраг працэдураў. Першая – занесьці сябе ў сьпіс у актывістаў моладзевых арганізацый. Другая – адзначыцца ў тых самых актывістаў (яны адказвалі за наведваньне) перад службай. Трэцяя – выслухаць разам зь іншымі ахвочымі патанчыць, а таксама з выкладчыкамі і самім рэктарам Стражавым 30-хвілінную службу за БДУ. Чацьвертае – атрымаць запрашальныя квіты на сьвяточны канцэрт, які варта было абавязкова наведаць, і запрашальны квіток на дыскатэку ў Палацы спорту. І толькі пасьля далучэньня да духоўнага жыцьця ўнівэрсытэту студэнты змаглі адпачыць на танцах.