У шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр супрацоўнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама. Не сумяшчальную з жыццём траўму 25-гадовы міліцыянер атрымаў падчас тэставых выпрабаванняў для прыёму на службу ў групу «А» («Альфа») КДБ.

Cтаршына міліцыі, які праслужыў у органах унутраных спраў чатыры гады міліцыянерам-кіроўцам, пасля пільнага медабследавання прайшоў псіхалагічнае тэставанне, праверку на дэтэктары хлусні і быў дапушчаны да заліку па фізпадрыхтоўцы.

Трагедыя здарылася 6 кастрычніка падчас спарынгу па рукапашным баі,

які праводзіцца паводле наступнай схемы: два паядынкі па тры хвіліны, поўны кантакт, дазволеныя ўсе прыёмы.

Кандыдату на службу ў «Альфе» супрацьстаяў дасведчаны інструктар. Старшына прапусціў удар у галаву і ў стане комы быў дастаўлены ў бальніцу, дзе ў яго дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.

Медыкі рабілі ўсё магчымае, але выратаваць міліцыянера не змаглі. Ён памёр 10 лістапада. У дзень савецкай міліцыі…

У праваахоўных органах тое, што адбылося, не каментуюць, спасылаючыся на праверку.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню. У выпадку гібелі супрацоўніка міліцыі, яго сям’і выплачваецца страхавая сума памерам 10-гадовай сумы акладу грашовага ўтрымання і надбаўкі за выслугу гадоў загінулага. Аднак тычыцца гэта толькі тых сітуацый, калі міліцыянер выконваў свае службовыя абавязкі.

Траўму, якая прывяла да смерці, старшына палка міліцыі спецыяльнага прызначэння атрымаў ў вольны ад службы час. А гэта значыць, што яго блізкім не даводзіцца разлічваць на страхоўку.

Сёлета гэта ўжо не першы выпадак, калі беларускія спецпадраздзялення губляюць сваіх байцоў. Некалькі месяцаў таму падчас трэніровачнага нырання з аквалангам загінуў супрацоўнік антытэрарыстычнага падраздзялення МУС «Алмаз».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру