Сёньня каля 14 гадзінаў Алена Захожая была дастаўленая ў прыёмны пакой «Марзонаўскай» больніцы Бабруйску пасьля таго, як страціла прытомнасьць на працоўным месцы. На працоўным месцы ёй у паўпрытомным стане пры мэдыках быў уручаны загад пра пазбаўленьне яе прэміяльных на 100%.
Нагадаем, Алена Захожая галадае на працоўным месцы ад 3 кастрычніка. Яна патрабуе зарэгістраваць пярвічную арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюзу ў органах мясцовай улады (для гэтага неабходна, каб ААТ «Белшына» дала пярвічцы юрыдычны адрас, аднак наймальнік адмаўляецца гэта рабіць), выплаціць членам БНП прэміі й даплаты на аздараўленьне, якія ўжо атрымалі астатнія работнікі прадпрыемства.
Пра стан Алены Захожай вядома наступнае: высокі ціск, тахікардыя, зьмены ў міякардзе.
Між тым, 31 кастрычніка ўдзельнікаў галадоўкі пратэсту на ААТ «Белшына» азнаёмілі з загадам ад 20 кастрычніка, паводле якога некаторым членам пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Белшына» ўсё-такі мусілі выплаціць грашовыя прэміі ды кампэнсацыі. Чаму ня ўсім – таямніца. У загадзе прычына такой выбарачнасьці не адлюстраваная. Аднак нават гэты загад ня быў выкананы. Па-ранейшаму ігнаруецца асноўнае патрабаваньне – даць юрыдычны адрас для праходжаньня перарэгістрацыі арганізацыі ў органах улады.