У Міжнароднага валютнага фонду захоўваецца занепакоенасць адносна знешняй уразлівасці беларускай эканомікі. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыстафер Джарвіс 16 лістапада на брыфінгу ў Мінску.

Эксперты фонду працавалі ў Мінску з 3 па 16 лістапада ў межах штогадовых кансультацый і агляду эканамічнай палітыкі, якую праводзіць Беларусь.

«Беларусь аднаўляецца пасля сусветнага эканамічнага крызісу, аднак захоўваюцца сур’ёзныя фактары ўразлівасці. Першачарговай задачай з’яўляецца скарачэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый», — сказаў Джарвіс.

Паводле яго слоў,

высокі дэфіцыт рахунку бягучых аперацый часткова з’яўляецца вынікам павышэння цэн на нафту, а таксама пашырэння крэдытавання, перш за ўсё, у рамках дзяржаўных праграм.

«Нядаўняе павышэнне зарплаты ў бюджэтным сектары можа ўзмацніць гэты націск, хаця мы прызнаем. што яно ў некаторай ступені заклікана зблізіць узроўні зарплат у бюджэтным і прыватным сектарах», — адзначыў кіраўнік місіі МВФ.

Разам з тым Джарвіс падкрэсліў, што ў наступны перыяд прыярытэтнай задачай павінна стаць скарачэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый. Гэтага, на думку экспертаў МВФ, можна дасягнуць, спалучаючы больш жорсткую падаткова-бюджэтную палітыку, скарачэнне чыстага крэдытавання ў межах дзяржпраграм, захаванне станоўчых працэнтных ставак і павышэнне гнуткасці абменнага курсу.

МВФ пазітыўна ацэньвае цяперашні дыяпазон валютнага курсу ў Беларусі. Разам з тым фонд рэкамендуе Нацыянальнаму банку выкарыстаць свабоду дзеянняў у рамках калідора валютнага кошыка, які складае плюс-мінус 10%.

Паводле слоў Джарвіса, беларускія ўлады ў перыяд працы місіі не звярталіся да МВФ з просьбай аб новых запазычаннях, аднак фонд гатовы разгледзець магчымасці чарговай праграмы фінансавання, калі такая просьба паступіць.

«Афіцыйныя органы Беларусі шмат чаго дасягнулі сёлета. Беларусь пазбегла рэцэсіі, аднавіўся эканамічны рост, які склаў са студзеня па кастрычнік 6,8%. Беларусь атрымала доступ на міжнародныя рынкі капіталу, выпусціўшы еўрааблігацыі. Дасягнуты таксама некаторыя поспехі ў галіне структурных рэформ, — адзначыў кіраўнік місіі МВФ. — Трэба таксама прывітаць ініцыятывы афіцыйных органаў па далейшай лібералізацыі эканомікі і развіцці прадпрымальніцтва з упорам на развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў».

Разам з тым, падкрэсліў Джарвіс, вырашальнае значэнне маюць структурныя рэформы.

«МВФ гатовы супрацоўнічаць з Беларуссю ў фармаце новага пагаднення або рэгулярных кансультацый з афіцыйнымі органамі па пытанні эканамічнага развіцця і эканамічнай палітыкі. Пасяджэнне Выканаўчае рады МВФ па абмеркаванні вынікаў кансультацый паводле артыкула 4 адносна Рэспублікі Беларусь адбудзецца ў пачатку студзеня 2011 года», — заключыў Крыстафер Джарвіс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?