Праз 30 дзён пасьля «ўзнаўленчай тэрапіі» ўчора вечарам дзесяцігадовую Віку Мароз перадалі сям’і Васілеўскіх з Жодзіна, якая зьбіраецца ўсынавіць 13-гадовага брата дзяўчынкі. Гэтай інфармацыяй падзяліўся з СМІ адвакат пасольства Беларусі ў Італіі Дыеґа Пэруджыні. Яе пацьвердзіла «Салідарнасьці» й намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва. Кажуць, дзяўчынка сама зрабіла такі выбар.

— Гэта праўда. Ад учора Віка Мароз знаходзіцца ў сям’і Васілеўскіх у Жодзіне, – сказала Тацяна Кавалёва.

—Ці значыць гэта, што супругі з Каґалета больш ніколі не пабачаць Віку-Марыю, хоць з 2003 году яны доўгі час прымалі яе ў Італіі й у студзені 2004 году падалі прашэньне пра яе ўдачкаваньне?

— Гэта нічога ня значыць. На сёньняшні дзень проста вырашаная задача ўладкаваньня Вікі на выхаваньне ў сям’ю. З усіх магчымых варыянтаў дзяўчына выбрала менавіта гэты. У пэрыяд адаптацыі яна шмат разоў бывала ў гасьцях у Васілеўскіх і выказала жаданьне жыць у іх. Гэта не ўдачкаваньне. З прыёмнай сям’ёй проста заключаецца дамова. Бацькі наймаюцца на працу. Яны атрымліваюць заробак і дапамогу на дзіцё.

— На які тэрмін заключаная дамова на выхаваньне Вікі?

— Звычайна такая дамова заключаецца папярэдне на год. За гэты час могуць выявіцца нейкія праблемы ў супольным жыцьці дзіцёнка і прыёмнай сям’і. Калі ўсё добра, то праз год дамова працягваецца. Пры гэтым улічваецца меркаваньне і бацькоў, і дзіця, калі яно старэйшае за 10 гадоў. Яшчэ раз паўтараю: гэта ня ёсьць удачкаваньне. Гэта ўсяго толькі форма сямейнага ўладкаваньня, якая не выключае ўдачкаваньня Вікі.

— Італьянскай…

— …ці якой-небудзь іншай сям’ёй.

— А ці магу я патэлефанаваць Васілеўскім?

— Навошта?

— Каб спытаць у самой Вікі, як яна пачуваецца?

— Я вас вельмі прашу: вось толькі дзяўчынкі, калі ласка, ня рушце. У дзіцяці ёсьць права на асабістае жыцьцё. Я вас вельмі прашу: кіруйцеся інтарэсамі дзіцяці.

«Няма сумневу, што гэта найлепшае з рашэньняў, ніхто з нас ня думае, што лепш было б пакінуць малую ў інтэрнаце, – цытуе адваката беларускага боку Дыеґа Пэруджыні італьянская газэта La Repubblica. – Апроч таго, яна сама выразіла жаданьне быць разам з Сашам, і мы выканалі яго».

К’яра Барначын і Алесандра Джуста, якія ў верасьні адмовіліся вяртаць Віку на радзіму і 20 дзён хавалі яе ў кляштары, нібыта каб усьцерагчы ад прыніжэньняў у беларускім дзіцячым доме, пакуль ня ведаюць пра тое, што ў Вікі часова зьявіліся іншыя бацькі.

Тым часам пракуратура Ґенуі вядзе расьсьледаваньне ў дачыненьні да супругаў Джуста-Барначын і дзьвюх «бабуляў», Марыі Элены Даньіна і Марэты Бордзі, якія «перахоўвалі дзяўчыну». Разам зь імі абвінавачваньні былі прад’яўленыя сьвятару Каґалета дону Даніла Ґрыла, які на аўтамабілі суправаджаў дзяўчынку ў кляштар, і настаяцелю храму айцу Фрэнсысу Дарбэлі.

Раней супругі Васілеўскія казалі, што ў іх «няма магчымасьці» ўзяць Віку на выхаваньне. А супругі Джуста-Барначын гатовыя былі ўсынавіць абое дзяцей – і Віку, і ейнага брата. Але на мінулым тыдні сям’я Васілеўскіх перадумала і вырашыла такі ўзяць дзяўчыну да сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?