Расейскі сурагат лёгка пераадольвае межы. Труцяцца і гінуць ад адной і той жа вадкасьці расейцы, эстонцы, латышы. У Беларусі толькі па афіцыйных зьвестках у больніцы трапілі 136 чалавек, аднаго зь іх выратаваць не ўдалося.
Беларускай «Камсамолцы» ўдалося высьветліць, што ў інфэкцыйным аддзяленьні смалявіцкай больніцы (па зьвестках на панядзелак) знаходзілася 37 чалавек, атручаных сурагатным алкаголем. У міліцыі камэнтаваць сытуацыю карэспандэнтам газэты адмовіліся. У Смалявіцкім РАУС паведамілі толькі, што ўсчатыя дзьве крымінальныя справы і канфіскаваная вялікая колькасьць сьпіртазьмяшчальнай вадкасьці, завезенай, відаць па ўсім, з Расеі.
Тым часам у крамах Смалявіччыны гарэлкі купіць немагчыма – карэспандэнты ўпэўніліся ў гэтым на свае вочы. Аднак у Смалявіцкім райспажыве іх запэўнілі, што плян паставак на кастрычнік выкананы, і таму гарэлка ў крамах ёсьць.
Газэта прыводзіць статыcтыку атручваньня паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя:
Горад | Трапілі ў больніцу | Стан |
Ашмяны | 55 чалавек | 1 жанчына сканала.1 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане |
Барысаў | 6 чалавек | Стан сярэдняй ступені цяжкасьці |
Жодзіна | 12 чалавек | Стан хворых задавальняльны і сярэдняй ступені цяжкасьці |
Смалявічы | 38 чалавек | 1 чалавек у цяжкім стане |
Полацак | 25 чалавек | Задавальняльная ступень цяжкасьці |
АГУЛАМ | 136 чалавек | 1 чалавек сканаў. Двое знаходзяцца ў цяжкім стане |
Аднак некалькі званкоў па раённых больніцах істотна дапоўнілі афіцыйныя зьвесткі. «Камсамолка» высьветліла, што ў Маладэчне 4 чалавекі ў цяжкім стане ляжаць у рэанімацыі, яшчэ 15 чалавек у стане сярэдняй ступені цяжкасьці, а ў смаргонскую больніцу зь вёсак на мяжы з Ашмянскім раёнам паступіла 6 чалавек з таксычным гепатытам.
«Вы ж разумееце, які кантынгент труціцца сурагатам алкаголю. Багата хто нават не разумее ўсёй сур’ёзнасьці свайго стану і ня хоча класьціся ў больніцу. Даводзіцца нават па дварах шукаць хворых і ўгаворваць. Так што новыя хворыя напэўна будуць яшчэ паступаць» – сказалі «КП» ў ашмянскай больніцы.
Паводле «Комсомольской Правды» в Белоруссии»
Расейскі сурагат дабраўся да Прыбалтыкі
У Латвіі шпіталізаваныя каля 70 чалавек, 11 зь іх знаходзяцца ў дужа цяжкім стане, 8 сканалі. Паводле высноваў экспэртызы, пацярпелыя атруціліся пойлам, зьмяшаным зь сьпірту, дэзынфэкцыйнай вадкасьці ды сродку для паліраваньня мэблі. Паліцыя заяўляе, што падробка трапіла ў Латвію з сумежнай Пскоўскай вобласьці, дзе таксама патруцілася багата людзей, – перадае 5 канал. Стала таксама вядома, што ў Эстоніі ад сурагатнагу алкаголю загінулі 5 чалавек.
«Радзіма» сурагату: тысячы загінулых
У Расеі толькі за 8 месяцаў, яшчэ да пачатку восеньскай «сурагатнай эпідэміі», ад падробленай гарэлкі загінулі 26 тысяч чалавек, паведамляе Utro.ru. Сурагатнай «эпідэміяй» ахопленыя Пскоўская, Іркуцкая, Валгаградзкая, Сьвярдлоўская, Валагодзкая, Варонежская, Цьвярская, Чалябінская, Белгародзкая вобласьці, а таксама Пермскі край.
На Пскоўшчыне аб’яўленая надзвычайная сытуацыя. У больніцах каля 450 чалавек, 16 сканалі.
Іркуччына: патруціліся больш як паўтысячы чалавек, 40 сканалі.
Сьвярдоўшчына: 200 патручаных.
Валгаградчына: пад 90 патручаных.
Чалябіншчына: 70 патручаных.
Белгародчына: 45 патручаных сканалі.
Лічбы пацярпелых растуць з кожным днём.
Паводле інфармацыі Utro.ru, «Радио Свобода».