Расійская бязмытная нафта цалкам закрывае ўнутраныя патрэбы беларускай эканомікі, заявіў прэм’ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін 19 лістапада ў Санкт-Пецярбургу на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння пасяджэнняў Рады кіраўнікоў урадаў СНД, Міждзяржрады ЕўрАзЭС і вышэйшага органа Мытнага саюза.

«Наконт змяненняў умоў паставак расійскай нафты на беларускі рынак. Вы ведаеце, што мы дамовіліся летась і выконваем усе гэтыя абавязацельствы. Мы цалкам закрываем унутраныя патрэбы беларускай гаспадаркі бязмытнымі пастаўкамі нашай сырой нафты — унутраныя патрэбы поўнасцю закрытыя пастаўкамі расійскай нафты на беларускі рынак без пошлін», — заявіў Пуцін.

Каментуючы рэмарку журналіста, што Эканамічны суд СНД нядаўна рэкамендаваў расійскаму ўраду паскорыць разгляд пытання аб часовым незбіранні пошліны на нафтапрадукты, што пастаўляюцца ў Беларусь, прэм’ер-міністр адзначыў: «Вы правільна сказалі: „Суд рэкамендаваў паскорыць“. Гэта ж рэкамендацыя, гэта неабавязковае рашэнне.
Пры фармаванні суда ЕўрАзЭС, — а мы там уносім адпаведныя змяненні, — мы надаём яго рашэнням больш дзейсны характар, і спадзяёмся, што гэта ўсё запрацуе. Сёння гэта рэкамендацыя. Мы гатовыя да яе прыслухацца, мы гатовыя гэтыя пытанні разгледзець. Я вас запэўніваю, што, — сёння мы гаварылі, і цяпер у нас сустрэча з Сяргеем Сяргеевічам Сідорскім, — мы працягнем гэтую дыскусію. Разам з тым і беларускі бок ведае нашу пазіцыю. Мы зыходзім з таго, што раней падпісаныя кантракты павінны выконвацца».

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што, выконваючы рашэнне Эканамічнага суда СНД, ён ва ўстаноўленым парадку звярнуўся да Пуціна «з прапановай да вырашэння спрэчкі па выхадзе на 1 студзеня 2011 года прыняць рашэнне аб адмене пошлін, што збіраюцца Расійскай Федэрацыяй на нафтапрадукты і прадукты хіміі, што пастаўляюцца ў Беларусь». «І мы сёння пасля канферэнцыі будзем абмяркоўваць гэтае пытанне — прынамсі

пазіцыя расійскага боку заключаецца ў тым, каб на 1 студзеня 2011 года пры падпісанні ўсіх дакументаў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы выйсці на абнуленне такіх пошлін», — заявіў Сідорскі.

«Натуральна, пазіцыя беларускага боку заключаецца ў тым, каб з улікам таго, што мы нясём значныя страты на нашых хімічных прадпрыемствах, якія працуюць па прадуктах нафтахіміі, мы, канешне, звярнуліся з такой просьбай, наша просьба застаецца ў сіле», — дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

На гэта Пуцін зрабіў «адну маленькую заўвагу»: «Мы дамовіліся аб магчымасці адмены вывазных мытных пошлін на нафту сырую не пры падпісанні ўсяго пакета дакументаў па АЭП, а пры ратыфікацыі гэтага пакета».

Стэнаграма прэс-канферэнцыі апублікавана на сайце расійскага ўрада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?