Трэба рыхтавацца да мірных акцый пратэсту пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў выбараў. Такое меркаванне выказаў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч
20 лістапада на пасяджэнні партыйнага сойма.

«Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў цэлым не з’яўляюцца свабоднымі і дэмакратычнымі», — заявіў ён. У ходзе сёлетняй выбарчай кампаніі, паводле слоў Янукевіча, можна назіраць «толькі элементы паляпшэння ўмоў яе правядзення» — дастаткова свабодны збор подпісаў, а таксама магчымасць выступаць на тэлебачанні і па радыё ў жывым эфіры.

Але ўсё гэта, лічыць палітык, «толькі шырма лібералізацыі». «Усе рашэнні ўлад, якія паляпшаюць практыку правядзення выбарчай кампаніі, становяцца бессэнсоўнымі на фоне вынікаў фарміравання ўчастковых выбарчых камісій: улады ўключылі ў іх склад мінімум прадстаўнікоў апазіцыі. Як і на мінулых выбарах, кантроль за падлікам галасоў поўнасцю знаходзіцца ва ўлад», — падкрэсліў Янукевіч.

На яго думку, ужо цяпер можна лёгка прадказаць вынікі галасавання, якія будуць названыя па выніках выбараў старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

«Абсалютна відавочна, што яна заявіць аб 70-працэнтнай падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі і 1–5 працэнтах, аддадзеных у падтрымку іншых кандыдатаў», — прагназуе Янукевіч.

У сувязі з гэтым Партыі БНФ неабходна рыхтавацца да мірных акцый пратэсту пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў выбараў, падкрэсліў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?