Масква не зацікаўлена ў змене Лукашэнкі, а Брусель не гатовы стымуляваць змену палітычнага рэжыму ў Беларусі. Аб гэтым у снежаньскім нумары часопіса The World Today, аналізуючы перадвыбарчую сітуацыю ў нашай краіне, піша кіраўнік праграмы «Расія — Еўразвяз» фінскага Інстытута міжнародных адносінаў Аркадзь Мошэс.

«Дыялог расійскіх і еўрапейскіх дыпламатаў стварыў уражанне, што стаўленне Еўропы і Расіі да Беларусі можа быць канвергентным. Гэта азначала б, што абодва бакі будуць падтрымліваць палітычныя змены ў краіне, што, у сваю чаргу, дазволіць стварыць вялікі ціск на Лукашэнку. Калі Мінск атрымлівае канвергентныя сігналы з Масквы і Бруселя, ёсць вялікая верагоднасць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі будуць бліжэй да дэмакратычных стандартаў», — адзначае ў сваім артыкуле Аркадзь Мошэс.

Тым не менш, кажа эксперт, у рэальнасці погляды Еўразвяза і Расіі на Беларусь адрозніваюцца. У той час як ЕЗ і Захад у цэлым найперш зацікаўлены ў палітычнай лібералізацыі і эканамічных рэформах, Расія хоча бачыць Беларусь надзейным удзельнікам свайго праекта па рэінтэграцыі постсавецкай прасторы.

«Наўрад ці, ЕЗ сёння будзе стымуляваць змену палітычнага рэжыму ў Беларусі. Хоць Злучаныя Штаты і разглядаюць яе як краіну-ізгой, сітуацыя з правамі чалавека тут не нашмат горш, чым у некаторых іншых краінах — удзельніках праграмы „Усходняе партнёрства“. Цалкам верагодна, Брусель задаволіцца пэўным прыкметамі дэмакратызацыі, бо больш клапоціцца аб кірунку, чым аб хуткасці працэсу. А гэтага можна дасягнуць і з Лукашэнкам ва ўладзе, — піша кіраўнік праграмы „Расія — Еўразвяз“ фінскага Інстытута міжнародных адносінаў. — Масква насупраць, нягледзячы на цяперашнюю жорсткую рыторыку, не зацікаўлена ў змене рэжыму. Няма ніякіх гарантыяў, што новы прэзідэнт кардынальна не павернецца да Захаду. У рэшце рэшт, у Беларусі няма прарасійскай апазіцыі, якая была б цалкам прадказальнай для Масквы… Падтрымка альтэрнатыўнага кандыдата ў Беларусі можа стаць знакавай для саміх расійцаў. У іх з’явіцца магчымасць пераканацца, што ў апазіцыі ёсць шанец прыйсці да ўлады шляхам выбараў. А гэта даволі рызыкоўна для Крамля, бо праз два гады ў Расіі таксама адбудуцца прэзідэнцкія выбары».

Пры гэтым палітолаг перакананы, што Масква не працягне субсідзіравання Беларусі, калі Лукашэнка і надалей будзе падтрымліваць постсавецкую інтэграцыю адно на словах. Але зможа дапамагчы фінансава, калі з’явяцца адчувальныя прыкметы таго, што Беларусь гатовая да рэінтэграцыі з Расіяй.

Эксперт заўважае, што ў цяперашняй сітуацыі ў кіраўніцтва Беларусі ёсць даволі шырокае поле для манеўраў. Гэтак замест правядзення дэмакратычных рэформаў можна адкрыць краіну для прытоку замежных інвестыцый, эканамічнай лібералізацыі. Што да стасункаў з Расіяй, ёсць магчымасць умацавання адносін у сферы бяспекі (ад сумеснай сістэмы супрацьпаветранай абароны да ўдзелу ў АДКБ), а таксама атрымання дывідэндаў ад далучэння да Мытнага саюзу, які гарантуе Беларусі больш нізкія мытныя плацяжы на энергарэсурсы. Для таго, каб прадэманстраваць манеўранасць знешняй палітыкі, Беларусь спрабуе ўключыць у рэгіянальную гульню Кітай з ягонымі крэдытнымі і інвестыцыйнымі рэсурсамі.

«Улічваючы ўсе абставіны, цалкам магчыма, што пасля снежаньскіх выбараў Масква, ведаючы што ёй не пад сілу зрынуць рэжым Лукашэнкі, прапануе замірэнне. Пасля гэтага будзе дасягнуты часовы і хісткі кампраміс паміж Беларуссю і Расіяй, — прагназуе Аркадзь Мошэс. — Аднак такая сітуацыя не працягнецца доўга. Беларусь і пасля выбараў застанецца ў полі ўздзеяння Расіі і Захаду. Такая тактычная пазіцыя будзе выгадная як Маскве, так і Мінску».

Аднак палітолаг перакананы, што «гэта яшчэ не канец гісторыі». Паводле ягоных слоў, цяперашняя пазіцыя дапаможа Лукашэнку выйграць яшчэ трохі часу. Часу, неабходнага для пабудовы беларускай ідэнтычнасці ды ідэалогіі Беларусі як незалежнай еўрапейскай дзяржавы, а не заходняга рэгіёна свайго расійскага суседа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?