Аўтарытарны кіраўнік ідзе на чацвёрты тэрмін з абяцаннямі росту дабрабыту. «У краіне будзе ўкаранёны прынцып: дазволена ўсё, што наўпрост не забаронена». Ні слова пра інтэграцыю з Расіяй.

На фота: Лукашэнка ў Вільні, 2009.

На фота: Лукашэнка ў Вільні, 2009.

Дзяржаўныя газеты 27 лістапада апублікавалі перадвыбарную праграму Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, Лукашэнка аказаўся першым, каму яны далі свае старонкі.

Сваю праграму дзейны прэзідэнт адкрывае пералікам таго, што «мы зрабілі»:

— пабудавалі сваю дзяржаву, якая займае па ўзроўні развіцця чалавечага патэнцыялу 61-е месца з амаль 200 краін свету;

— абаранілі краіну ад разрабавання;

— выстаялі ў сусветным крызісе;

— выратавалі вёску і забяспечылі харчовую бяспеку краіны;

— разняволілі дзелавую ініцыятыву;

— забяспечылі поўную занятасць;

— пабудавалі дзясяткі мільёнаў квадратных метраў жылля;

— рашуча прасунулі наперад медыцыну і адукацыю;

— сталі жыць лепш.

У найбліжэйшыя пяць гадоў «Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу», зазначаецца ў праграме.

Каб дасягнуць гэтага, кандыдат Лукашэнка ставіць перад сабой наступныя асноўныя мэты:

— умацаваць нацыю.
«Кожная сям’я, дзе ёсць чацвёра і больш дзяцей, за кошт дзяржавы атрымае кватэру.
Сем’ям з трыма дзецьмі будуць кампенсаваныя 75 працэнтаў кошту жылля»;

— стаць багацейшымі.

«За кошт росту эканомікі будзе забяспечаны пастаянны рост заработнай платы, пенсій, стыпендый, іх поўная і своечасовая выплата»;
— узмацніць сацыяльную абарону.
«Кожнаму будзе гарантаванае працоўнае месца. Дзяржава дапаможа ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе»;
— забяспечыць сусветны ўзровень медыцынскага абслугоўвання.
«Усе паліклінікі і бальніцы ў краіне будуць поўнасцю ўкамплектаваныя спецыялістамі, чэргі адыдуць у мінулае»;
— будаваць 10 млн квадратных метраў жылля штогод
. «Да канца пяцігодкі на кожнага жыхара Беларусі будзе прыпадаць не менш як 28 квадратных метраў жылля. Узровень даходаў павінен дазваляць сем’ям набыць уласнае жыллё ў сярэднім на працягу пяці гадоў»;
— умацаваць нацыянальную валюту.
«Будуць забяспечаныя стабільнасць курсу беларускага рубля, абсалютная захаванасць прыватных укладаў, даступнасць банкаўскага крэдыту»;
— стварыць новае аблічча беларускай эканомікі.
«На працягу найбліжэйшых пяці гадоў у краіне будуць рэалізаваныя не менш як 100 магутных інвестыцыйных праектаў. З’явяцца новыя галіны: касмічная, нана- і біятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка і іншыя. Сельская гаспадарка стане прыбытковым аграбізнесам. Экспарт харчавання будзе павялічаны больш чым у два разы — да 7 мільярдаў долараў за год»;
— даць поўную свабоду ініцыятыве.
«Мы пяройдзем ад эканомікі дырэктыў да эканомікі ініцыятыў. Будзе абароненае права кіраўніка на дзелавую рызыку. Павысіцца роля прадпрымальніцтва. Знізім падаткі. Радыкальна спросцім справаздачнасць і адміністрацыйныя працэдуры. У краіне будзе ўкаранёны прынцып: дазволена ўсё, што прама не забаронена»;
— ажыццявіць прарыў у інфарматызацыі.
«Інфармацыйныя тэхналогіі ахопяць усе сферы дзейнасці. У нас з’явіцца паўнацэнны электронны ўрад. Усе базавыя паслугі можна будзе ажыццяўляць праз інтэрнэт. Мы пазбавім чалавека ад хаджэння па кабінетах, бюракратызму і цяганіны. Інтэрнэт па якасці і цане зраўнуецца з развітымі краінамі»;
— узмацніць ролю маладога пакалення.
«Створым новыя стымулы для рэалізацыі яго ініцыятыў і кар’ернага росту. Умацуем моладдзю кіраўнічы кадравы корпус дзяржапарату і прадпрыемстваў»;
— удасканаліць дзейнасць улады.
«Гарантаваная адкрытасць дзяржаўных органаў для людзей і грамадзянскіх ініцыятыў. Узмоцніцца роля грамадскіх аб’яднанняў і мясцовага самакіравання ў жыццядзейнасці дзяржавы. Мы будзем працягваць бязлітасную барацьбу з карупцыяй і прычынамі, што яе параджаюць»;
— зберагчы мір і згоду ў грамадстве.
«Беларусь была і будзе дзяржавай, дзе камфортна і бяспечна жыць усім людзям, незалежна ад нацыянальнасці, поглядаў і рэлігіі. Мы не дапусцім разгулу крыміналу, сацыяльных разладаў і канфліктаў».

«Мы абавязкова ўсё гэта зробім. У нас з вамі ёсць вопыт. Краіне не патрэбныя эксперыменты», — упэўнены Лукашэнка.

Напярэдадні выбараў ён просіць грамадзян «толькі аб адным: не мяркуйце па словах — мяркуйце па справах!»

Ні слова ў праграме не гаворыцца пра падтрымку беларускай мовы і нацыянальнай культуры.

У цэлым, праграма ў аўтарытарнага кіраўніка такая ж папулісцкая, як і ў ягоных галоўных апанентаў. Папулізм стае характэрнай рысай палітычнай культуры беларусаў. У гэтым сэнсе краіна моцна розніцца ад еўрасаюзаўскіх і прыпадабняецца хутчэй да неразвітых краін Азіі і Лацінскай Амерыкі.

Пункты «чэргі адыдуць у мінулае» і «будаваць 10 млн квадратных метраў жылля» нагадваюць пра «да 2000 года кожнай савецкай сям'і — асобную кватэру». Аднак у праграме ёсць і рэалістычныя, ясна пастаўленыя задачы: напрыклад, стварэнне электроннага ўрада. Аналагічна дзейнічалі параўнальныя з нашай краіны, як Эстонія ці Славаччына. Яны, дарэчы, у выніку дэмакратычных і рынкавых рэформаў, выйшлі і ў топ-50 краінаў свету, пра што гаворыцца і ў праграме Аляксандра Лукашэнкі.

Звяртае ўвагу адсутнасць згадак пра інтэграцыю з Расіяй,
якія раней былі агульным месцам лукашэнкаўскай рыторыкі. У той жа час абяцаецца далейшая «пабудова незалежнай адметнай Беларусі», якая не будзе «нечым прыдаткам».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?