Рымашэўскі гэтым разам прыйшоў на эфір з вялікім плакатам БХД. З назвай сайта і нумарам тэлефона. Патрэба ў адмысловых паперках адпала.

Шмат у чым ён паўтарыў свой ранейшы выступ. Выглядаў добра, мова таксама на належным узроўні. Упэўнена глядзеў у камеру. Можна было заслухацца.

«Гэта мае апошнія 30 хвілін па тэлебачанні. Пасля нашых выступаў пачуеце толькі хлусню, абразы. Без права адказаць», — так кандыдат пачаў.

«Беларуская палітыка будзе незалежнай толькі, калі будзе фінансавацца за беларускія грошы», — падзяка за грошы, што пераводзяцца на ягоны рахунак.

Значная частка прамовы была прысвечаная акцыі 24 лістапада.

«Вы маё прозвішча чулі з вуснаў старшыні ЦВК, пракуратуры. Чаму? Бо арганізавалі акцыю ў цэнтры горада. Мы нікому не заміналі».

Рымашэўскі перакананы, што сустрэчы з выбарцамі і павінны адбывацца ў такіх месцах. «У тых балотах, што адвяла нам Ярмошына, хай яна з Лукашэнкам сустракаецца».
«Чаму не збівалі людзей? Бо Лукашэнку трэба крэдыты. Таму я думаю, што 19 снежня разганяць не будуць. Прыходзьце», — заклікаў Рымашэўскі.

«Не верце БТ. Ні ў каго з кандыдатаў рэйтынг не перавышае 40%».

«За аснову павінны ўзяцца хрысціянскія прынцыпы. Так нашы дзяды будавалі краіну, і так павінны жыць мы. Я кажу шмат пра хрысціянства, бо не хачу хлусіць. Усё самае лепшае ўва мне ад царквы», — пасля чаго перайшоў да абяцанняў.

Што абяцае:

1. Нам трэба рэфармаваць эканоміку. Сацыяльна арыентаваную рынкавую эканоміку. Створым максімальна спрыяльныя ўмовы для бізнесу. Асновай эканомікі павінны быць высокія заробкі. Стаўкі на крэдыты будуць не большымі за 3%.

2. Асновай сельскай гаспадаркі — фермерства. Адменім мыты на аўтамабілі. Знізім цэны на бензін. «На нас нажываюцца». Увядзём іпатэку пры будаўніцтве.

3. Дамо магчымасць моладзі развівацца тут, а не за мяжой. Бясплатная вышэйшая адукацыя. Гарантаванае працоўнае месца, але адмена размеркавання.

4. Увядзём абавязковае медычнае страхаванне за кошт дзяржавы. І ў дактароў заробкі лепшыя, і лячыць будуць лепш.

5. Пенсія павінна быць еўрапейскага ўзроўню. Па 20% вядучых прадпрыемстваў аддадзім у пенсійны фонд.

6. Прафесійнае войска. Вернем вайскоўцам ільготы. Павінны мець права прыватызаваць жыллё.

7. Пазбавім міліцыю і пракуратуру функцый спецслужб.

8. Дапамога на дзіця да 5 гадоў.

9. Казіно за межы гарадоў. Спынім алкагалізацыю.

10. Беларусь нейтральная, бяз'ядзерная дзяржава. Ніякіх вайсковых базаў.

11. Змяншэнне чыноўнікаў у тры разы.

12. Правядзенне адміністрацыйнай рэформы (23 рэгіёны).

13. Вернем ільготы чарнобыльцам.

14. На грошы, што пайшлі на аграгарадкі, трэ было будаваць заводы. Тады і заробкі б у вяскоўцаў вялікія былі.

15. Інвестыцыі прыйдуць толькі, калі іх перастануць тут падманваць.

Чаму няма адзінага кандыдата, пытаўся ў сябе кандыдат.

«У нас розныя стратэгіі. Мы не згодныя з палітыкамі, што гатовыя стаць марыянеткамі еўрапейскіх палітыкаў. Быць такімі лагоднымі і за гэта атрымаць месца ў парламенце. Некаторыя ж чакаюць, што Расія зробіць з іх новых Лукашэнкаў. Чаму Расія стала крытыкаваць Лукашэнку? Бо хоча забраць апошнія прадпрыемствы. Некаторых з гэтых кандыдатаў піяраць расійскія каналы».

Рымашэўскі зрабіў прапанову ўсім кандыдатам. «Давайце збяромся 9 снежня і выпрацуем агульную стратэгію».

Заклікаў не паўтараць памылкі 2006 года, калі лідары схаваліся за нашымі спінамі. «Сёння трэба спадзявацца толькі на сябе».

Рымашэўскі заклікаў пераадолець страх, каб пабудаваць новую дзяржаву.

Скончылася прамова клічам: «Жыве Беларусь! Жыве з Богам!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?