Выступ Міколы Статкевіча быў эмацыйны. Яго адназначна ацэняць за смеласць. Кандыдат называў Лукашэнку на ты і патрабаваў правесці сумленныя выбары.

Пачаў гаварыць па‑расейску. Зноў паўтарыў сваю біяграфію. Падкрэсліў, што прадстаўляе сацыял‑дэмакратаў.

Кажа, што мае праграму, як выратаваць эканоміку, што рабіць з іншымі галінамі. Пагадзіўся, што іншыя кандыдаты маюць добрыя праграмы. Нагадаў, што заўтра «СБ» надрукуе яго праграму.

«Як нешта можна абяцаць, калі выбараў няма. Ёсць фарс. Калі ласка, не ўдзельнічайце ў датэрміновым галасаванні. Галасуйце 19 снежня, каб не прагаласавалі за вас. Можна браць удзел у вулічных акцыях апазіцыі», — сказаў Статкевіч.

Сказаў, што гэта хлусня, што на акцыі 24 лістапада было 150 чалавек і паказаў фота: «Бачыце, было тысяча і тысяча чалавек. Беларускае тэлебачанне выкарыстоўваць, каб вас абманваць».

«Бясчынства поўнае. Навошта ім так чапляцца за ўладу? Адказ просты: грошы. Самыя лепшыя і дарагія машыны, катэджы не ў бізнесоўцаў, а ў чыноўнікаў, пры іх невялікіх заробках», — кажа Статкевіч.

Кандыдат сказаў, што прадпрыемствы крадуць дзяржаўныя датацыі. Для прыкладу ён прывёў аграгарадкі, калі іх будуюць за меншыя грошы, чым па дакументах.

Наконт дарагога жылля, то гэта таму, што няма канкурэнцыі. «Нас абкрадаюць. Часам іх саджаюць, бо не дзеляцца».

Аспрэчыў міф пра кепскіх чыноўнікаў і добрага цара. Знаеце, як адбываюцца гэтыя паседжанні, пры тэлебачанні ён крытыкуе, а потым зачыняюць дзверы і кажа: «Трэба гэтых лохаў парадаваць».

Расказаў пра пацёмкінскія вёскі з жоўтымі платамі, якія так падабаюцца замежнікам.

«Хто былі Адам і Ева? Канечне, беларусы! Голыя, босыя, адзін яблык на дваіх, але крычаць, што мы ў раі, мы ў раі», — расказаў ён анекдот.

«Па тэлебачанні кожны дзень хамства, хлусня, тыканне», — не сунімаўся кандыдат.

Зноў арганічным падаўся пераход на беларускую мову. Ён адбыўся пасля цытавання верша Віктара Шалкевіча «Хамская ўлада».

Статкевіч прызнаў, што ў пачатку пры Лукашэнку былі добрыя крокі, але цяпер не адбываецца ніякая мадэрнізацыя і рэформы. Палохаў, што беларусы могуць не выбрацца з даўгавой ямы, калі далей будуць браць крэдыты.

«Пад кожныя выбары цяперашні начальнік саджае мяне ў турму. Няўжо я такі страшны чалавек?»

«Саша, злазь з даху — не псуй гонту», — заклікаў ён Лукашэнку. Статкевіч запрасіў людзей на Плошчу 19 снежня.

«Моркаўку паказалі. Вочы загарэліся, і наперад», — узгадвае Статкевіч пра жаданне Лукашэнкі заняць месца ў Крамлі.

Расказаў пра масавыя дэманстрацыі тады. А Лукашэнка тыдзень сядзеў у бункеры ў Астрашыцкім Гарадку.

Напрыканцы прамовы Статкевіч звярнуўся наўпрост да Лукашэнкі. Прычым, гаварыў з ім ягонай жа мовай — у стылі, у якім той звяртаецца да апазіцыі звычайна.

«Я знаю, што ты зараз мяне глядзіш. Я ўдзельнічаю ў гэтым тэатральным ілюзіёне, каб спыніць твае фокусы‑покусы са скрынямі. Ты быў абраны на справядлівых выбарах.

Вярні нам тое, што скраў. Вярні свабодныя выбары. Чаго ты баішся? Я абяцаю табе 25% і ўдзел у другім туры. Выйграеш — будзеш кіраваць. Прайграеш — сыдзеш на пенсію, калі не будзе доказаў, што гэта ты даў загад на знішчэнне Ганчара і Захаранкі», — эмацыйна скончыў свой выступ Статкевіч.

Пасля гэтага трансляцыя абарвалася.

* * *

Відэазапіс выступу глядзіце ў нас на сайце неўзабаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?