У Беларусі сярэдняя заработная плата жанчын складае прыкладна 80% сярэдняй заработнай платы мужчын.

Пра гэта паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў 2 снежня ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі «Правы жанчын і збалансаваная палітыка ў сферы сям’і, занятасці і гендарнай роўнасці: рэальнасць і перспектывы».

Паводле слоў Старавойтава, гэта звязана з тым, што, маючы больш высокі ўзровень адукацыі, жанчыны рэалізуюць яго ў прафесіях і галінах вытворчасці, дзе менш плацяць.

Сярод занятых у эканоміцы доля працоўных жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 26,9%,

у той час як аналагічны паказчык сярод мужчын — 20,2%. Доля жанчын з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй дасягае 27,7%, мужчын — 16,9%. Не маюць поўнай сярэдняй адукацыі 2,4% жанчын і 4,6% мужчын.

Старавойтаў канстатаваў «яўную перавагу жанчын у невытворчых галінах і нязначнае прыцягненне іх да ўдзелу ў галінах матэрыяльнай вытворчасці». Адносна нізкім застаецца ўдзел жанчын у сферы бізнесу і прадпрымальніцтва.

Жанчыны сутыкаюцца з больш сур’ёзнымі праблемамі ў працаўладкаванні, зазначыў намеснік міністра.

Калі беспрацоўныя мужчыны знаходзяць новую працу ў сярэднім на працягу 1,3 месяца, то ў жанчын гэты перыяд складае прыблізна 2,5 месяца.

У выніку жанчыны маюць больш працяглы перыяд беспрацоўя — 4,8 месяца супраць 3,4 месяца ў мужчын. Сярод беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку ў службах занятасці больш за адзін год, 66,6% — жанчыны. «Больш працяглы пошук працы — адзін з аспектаў уразлівасці пазіцыі жанчын на рынку працы», — сказаў Старавойтаў.

У найбольш цяжкім становішчы на рынку працы аказваюцца жанчыны, якія выхоўваюць малых дзяцей, выпускніцы навучальных устаноў без вопыту працы, жанчыны перадпенсійнага ўзросту, інваліды, а таксама тыя, хто мае прафесіі, па якіх перавага аддаецца мужчынам (інжынерна-тэхнічныя, будаўнічыя спецыяльнасці і інш.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?