Я журфакаў не канчаў, аднак прадметам журналістыкі цікаўлюся. Паглядзеўшы, як спрытна прадстаўнікі БТ, АНТ і СТВ бралі інтэрвію ў «нязьменнага», падумаў, што на журфаку варта чытаць курс «Як браць інтэрвію ў прэзыдэнта». Я ўявіў маналёг выкладчыка:

«Добры дзень, кляса, пачынаем лекцыю... Студэнт Казіятка, уяві, што твой артыкул «Вялікая Айчынная пасяўная» ў насьценгазэце спадабаўся Якубовічу, і цябе ўзялі ў «Саўбелку». Раптам на Макаёнка, 9 узьнік дэфіцыт кадраў, і табою вырашылі заткнуць «аналітычны аддзел». Ад твайго матэрыялу «Ў Беларускім ліцэі Моніка Лявінскі выкладае этыку сямейных паводзінаў» афігеў нават Зімоўскі. І цяпер ты — дырэктар аднаго з тэлеканалаў. І як сьлед аднойчы... Казіятка, слухай, а не калупайся ў носе, цябе запрашаюць на тэт-а-тэт зь Ім у жывым этэры!

Такім чынам, што ты спытаеш перш за ўсе, калі апэратар скажа «Працуем!»? Дзе Завадзкі, дзе Ганчар? Арыгінальна, студэнт, арыгінальна. Ну, а чаму б табе не сказаць, што ў нас ёсьць дасягненьні ў нейкай галіне, гэта вызнаюць крытыкі прэзыдэнта, і што ён сам думае на гэты конт? Паспрабуй, Казіятка... Нашы дасягненьні ў вобласьці... ну... ну... Барацьбы з расейскім півам? Можна, толькі тэму лепш абраць іншую, скажам, эканоміка.

Ідзём далей. Ён любіць зрабіць гістарычны экскурс ў пачатак 1990-х, калі ўсе чакалі яго, як мэсію. Дык падвядзі яго да гэтай тэмы адпаведным пытаньнем. Не, Казіятка, тваё «Ці праўда, што гэта вы першым унесьлі ў залю Вярхоўнага савету был-чырвона-белы штандар?» абсалютна не пасуе.

Што яшчэ? Часам ён дапускае фамільярнасьці. Можа ўзяць і назваць цябе Васем. Ну ты, Вася, не ўспрымай гэта як нейкі сыгнал да пераходу да нефармальнай абстаноўкі. Крый божа запаліць цыгарку ў жывым этэры...

Часта зь яго вуснаў зьлятаюць эмацыйныя выразы, якія ня трэба разумець даслоўна. Так, неяк ён дазволіў сабе пасаж: «Любы рух цела ў накірунку дэстабілізацыі абстаноўкі — зьвернем галовы тым, хто гэта робіць, і тым, хто будзе іх фінансаваць». На Захадзе журналісты абавязкова пачалі б удакладняць тэхнічныя дэталі адкручваньня бошак Бушу і Кандалізе Райс? А ты, Казіятка, маўчы.

Ну, і апошняе: не дапускайце літаратурных вольнасьцяў з назвамі матэрыялу. Калі ён кажа, што ён «біты воўк», не абавязкова здаваць тэкст у друк пад шапкай «Біты воўк хоча пакусаць бабку Эўропу». Лепш нешта кшталту «Дзяржава — гэта народ», або «Жыць стала яшчэ стабільней, жыць стала яшчэ весялей!» Зразумелі, невукі? Лекцыя закончаная».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0