Кандыдат ад АГП зноў быў з банерам «Мільён новых рабочых месцаў». Паласаты пінжак памяняў на строгі чорны. Прамаўляў вельмі хутка.

Адразу сказаў, што кандыдат у прэзідэнты мусіць мець канкрэтны план і праграму. Вось у Юшчанкі і Цімашэнкі яе не было, але мы не пойдзем па іх шляху.

«Беларусі патрэбны парадак, стабільнасць і законнасць», — Раманчук пераконваў, што ягоную праграму адобрылі найлепшыя эканамісты свету.

Прадэманстраваў два айфоны. Адзін — амерыканскі, другі — кітайскі. Першы працуе добра, а другі — не.

У палітычным плане прапаноўвае, што прэзідэнт можа быць толькі два тэрміна на пасадзе па чатыры гады. Прапануе сістэму мясцовага самакіравання. Прапаноўвае, каб 70% трацілі мясцовыя ўлады.

У знешняй палітыцы прапануе прынцып адкрытай краіны. «Я хачу, каб Беларусь была краінай еўрапейскіх стандартаў. Чаму? Бо ў Еўропе людзі лепш жывуць», — кажа Я.Раманчук.

«Нам трэба здымаць візавыя бар’еры. Каб рэалізоўваць праекты па энерганезалежнасці нам трэба супрацоўнічаць з Еўропай, але не на шкоду Расіі. Кепская тэндэнцыя, калі мы спрачаемся з вялікай краінай Расіяй».

«Для тых, хто імкнецца да самаізаляцыі, прыдумалі новы знак задыяка — лох», — расказаў Яраслаў.

У цэнтры ягонай эканамічнай праграмы ляжыць дакумент «Мільён новых рабочых месцах». «Калі прадпрымальнікаў перастануць ціснуць, то ствараць гэтыя месцы будзе значна прасцей», — кажа Раманчук.

Абяцае, што бюракратыі будзе значна меней. «Чаму жыллё такое дарагое? Бо ёсць падаткі. А паспрабуйце выбіць зямлю — гэта такі галаўны боль, такія хабары. У нас жыллё будзе ў два разы таннейшым, чым цяпер», — прапаноўвае кандыдат.

Зазнае рэдкі непрафесіяналізм у сельскай гаспадарцы. Кажа, што ў нас вельмі многа лядовых палацаў. Замест іх прапануе будаваць сучасныя медычныя цэнтры.

Прапануе будаўніцтва танных інтэрнатаў. «Калі мы гэта рабіць не будзем, то моладзь проста з’едзе з краіны».

Яшчэ будавацца будуць бясплатныя гульнявыя пляцоўкі. «Я не супраць еўрамонтаў у свінарніках, але я людзей люблю больш, чым свіней», — кажа, што еўрарамонты патрэбныя кватэрам.

Ставіць пад сумнеў, што ў Беларусі існуе бясплатная адукацыя і медыцына. «Настаўнікі заваленыя бюракратычнай працай. Трэба працаваць не на адну стаўку, каб атрымліваць годны заробак».

Параўноўваў замежны і айчынны інсулін. «Трэба падтрымліваць айчыннага вытворцу, але не за кошт здароўя людзей».

Успомніў пра Ірыну Казуліну. Пра мучэнні жанчын, што праходзяць праз хваробу рака грудзей. Паказаў даклад Людмілы Пецінай пра дыскрымінацыю жанчын у Беларусі. Гаварыў пра «мужчынскі шавінізм». «Гэтай дыскрымінацыі трэба класці канец», — зазначыў кандыдат.

Абяцае дапамогу па беспрацоўі 120 даляраў. Ставіць пытанне паўнавартаснага страхавога інстытута ў Беларусі.

«Чаму я буду лепшым прэзідэнтам, чым Лукашэнка? Бо ў маёй камандзе будуць разумныя людзі. Людзі не бойцеся думаць — гэта не балюча».

Напрыканцы прамовы заклікаў людзей на Плошчу 19 снежня. Заклікаў узяць з сабой бутэрброды і прывесці любімую цёшчу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?