На сайце інтэрнэт-газетыNaviny.by («Белорусские новости») праходзіць анлайн-канферэнцыя з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні БХД Віталем Рымашэўскім.

Кандыдат прызнаўся, што прыкладам маральнай палітыкі для яго з’яўляецца дзейнасць Канстанціна Астрожскага, які «не прадаваў сваю веру, вернасць прынцыпам, Бацькаўшчыне за пасады і грошы». «Ён годна пражыў сваё жыццё і з’яўляецца адным з самых выбітных герояў беларускай палітыкі», — лічыць Рымашэўскі.

З замежных палітыкаў ён вылучыў Махатму Гандзі.

«Можна шмат распавядаць пра яго ўчынкі. Тое, што ён рабіў для сваёй нацыі, сваёй краіны, — проста выключна», — сказаў Рымашэўскі.

З сучасных палітыкаў прыкладамі для яго з’яўляюцца палітыкі постсавецкай генерацыі — Вітаўтас Ландсбергіс і Лех Валенса. «Я б хацеў быць падобны на такіх людзей», — кажа кандыдат у прэзідэнты.

Адказваючы на пытанне пра неабходнасць павелічэння прадстаўніцтва жанчын у органах дзяржаўнай и прадстаўнічай улады, Рымашэўскі адказаў, што ўвогуле «супраць працэнтнага падыходу, калі да жанчын і мужчын ставяцца як да статыстычнай адзінкі». «Дыскрымінацыі быць не павінна, але не павінна быць і штучнага педаліравання гэтага пытання. Безумоўна, жанчыны павінны мець магчымасць браць удзел у палітычным і грамадскім жыцці», — лічыць палітык. «Я быў бы рад, каб мая дачка, якой зараз толькі год і тры месяцы, калі-небудзь пайшла па маім шляху і стала палітыкам», — дадаў ён.

На думку Рымашэўскага, каб спыніць выміранне беларускай нацыі, трэба «вярнуць сабе права на свабодныя выбары, а для гэтага беларусы павінны быць больш салідарнымі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?