Рэдакцыя «Салідарнасьці» атрымала ліст, падпісаны доктаркай Ларысай Сазановіч, якая працуе ў Руска-італьянскім псыхалягічным цэнтры. Аўтар допісу паведамляе, што ад гэтага часу беларускія ўлады выставілі новыя ўмовы, якія ўнемагчымліваюць адпачынак дзяцей з нашай краіны ў італьянскіх сем’ях.

«Як псыхоляг, які практыкуе ў Італіі й супрацоўнічае з многімі арганізацыямі, якія запрашаюць рускіх і беларускіх дзяцей-сіротаў у італьянскія сем’і на часовы пэрыяд, не магу застацца абыякавай да апошніх падзеяў гэтых дзён, – піша Ларыса Сазановіч. – 2 лістапада 2006 году ў этэры італьянскай тэлевізіі прагучаў голас маленькай беларускай дзяўчынкі Вікі Мароз. 10-гадовая Віка, сама таго ня ведаючы, сталася сымбалем больш як 2000 беларускіх сіротаў, якія гэтаксама як і яна чакаюць сустрэчы з сваімі італьянскімі сем’ямі.

Навіна апошніх дзён, якая, на жаль, застаецца без увагі: “Прынятае рашэньне зблякаваць аздараўленчыя паездкі ў Італію для беларускіх сіротаў з умовай, што гэтыя дзеці будуць знаходзіцца ў арганізаваных спэцыяльных структурах (летнікі, пансіёны і г.д.)”, – паведаміў у афіцыйным лісьце (надрукаваным на сайце www.sardegnabelarus.it ) дырэктар дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі Аляксандар Каляда прэзыдэнту асацыяцыі “Cittadini del Mondo”.

Гэта значыць, што менавіта тыя дзеці, якім больш за ўсё патрэбная сям’я, у сям’ю прыехаць больш ня змогуць. Сіроты складаюць 11,7% з 20.000 дзяцей, якія штогод прыяжджаюць у Італію. Большасьць зь іх прыяжджае ўжо шмат гадоў і ўзаеміны, якія склаліся за гэтыя гады, набылі характар глыбокай узаемнай прывязанасьці і даверу. Я працую багата зь якімі італьянскімі сем’ямі, якія практычна «вырасьцілі» беларускіх дзетак за гэтыя гады, і некаторыя зь іх запрашаюць іх вось ужо больш за 10 гадоў».

Паводле зразумелых прычынаў, атрымаць камэнтар 7 лістапада ў дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці «Салідарнасьці» не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?