Радасная навіна: «Сёньня на Беларускай клясычнай вікіпэдыі зьявіўся 30 000-ны артыкул. Па колькасьці артыкулаў яна займае 65-е месца сярод іншых моваў. Юбілейным стаў артыкул прысьвечаны Шкварцы.» (// Крыніца)

Мушу сказаць, што

за гады свайго існаваньня беларуская Вікіпэдыя зрабілася ўнікальным агульнадаступным папулярным даведнікам па гісторыі Беларусі і біяграфіях выбітных асобаў зь Беларусі.

Гэта і зьяўляецца яе галоўнаю задачай: артыкулы пра асобы і падзеі беларускай гісторыі і сучаснасьці, пра мясьціны, помнікі архітэктуры, эканоміку Беларусі маюць на ёй куды большую запатрабаванасьць, чым артыкулы пра фізыку ці міжнародныя рэчы, па якія людзі часьцей будуць зьвяртацца ў іншамоўныя вікіпэдыі.

Нават сумнавядомы адкол наркомаўскай Вікіпедыі, які пагражаў закрыцьцём старой беларускай вікі, што адпачатку вялася на абодвух правапісах, а цяпер была вымушана зрабіцца выключна тарашкевіцкай, не перадухіліў гэтага: чаго няма ў адной вікіпэдыі, тое будзе ў другой. Тарашкевіцкая Вікі бярэ шырынёй ахопа і, здаецца, звычайна большай зьмястоўнасьцю артыкулаў, а наркамаўская — упарадкаванасьцю і часьцяком больш якасна састаўленымі спасылкамі на крыніцы.

Карыстайцеся і дапамагайце пісаць беларускую Вікіпэдыю, гэта карысная, важная і цікавая справа: http://be-x-old.wikipedia.org

Але ў той час, калі за лёс беларускай Вікіпэдыі ўжо можна ня так турбавацца, неабдымным полем для дзейнасьці застаецца беларуская тэматыка ў іншамоўных Вікіпэдыях.

Асабіста я апошнім часам пішу пераважна ў ангельскамоўную Вікі, з апошняга — накіды пра кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі Рымашэўскага, Статкевіча, артыкулы пра апостальскага візытатара для беларускіх грэка-каталікоўСяргея Гаека, пра савецкія рэпрэсіі ў Беларусі і г.д.

Зь беларускай тэматыкай ў іншых, менш інтэрнацыяналізаваных Вікіпэдыях, справы яшчэ горш. І тым больш магчымасьці праявіць сябе для эрудытаў і энтузіястаў ;)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?