9 снежня ў офісе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі адбылася сустрэча кандыдатаў у прэзідэнты.

Удзел у ёй узялі Уладзімір Някляеў, Дзмітрый Ус, Віктар Цярэшчанка, Мікола Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, а таксама давераныя асобы Яраслава Раманчука, Андрэя Саннікава, Алеся Міхалевіча, Рыгора Кастусёва.

Як паведаміла ў размове з карэспандэнтам «НН» прэс-сакратар Уладзіміра Някляева Юлія Рымашэўская, прапанова аб зняцці сваіх кандыдатур, агучаная сёння Някляевым, падтрымкі ў кандыдатаў не знайшла.

Аднак амаль усе яны пагадзіліся каардынаваць дзеянні на Плошчы 19 снежня.

«Незразумелую пазіцыю заняў толькі штаб Алеся Міхалевіча.

Яго прадстаўнік не выступіў супраць каардынацыі дзеянняў, аднак сам спадар Міхалевіч яшчэ ніяк не выказаўся на гэты конт», — паведаміла Юлія Рымашэўская.

***

Нагадаем, што сёння раніцай кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў на пікеце, што прайшоў ля Адміністрацыі прэзідэнта, прапанаваў усім кандыдатам зняцца з прэзідэнцкай гонкі.

«Адначасовае зняцце сваіх кандыдатур узмоцніць апазіцыю і Плошчу.

Нам нельга дапусціць, каб выбары былі прызнаныя міжнароднымі структурамі. Прызнанне выбараў — гэта будзе наша параза.

Калі мы ўсе разам здымем свае кандыдатуры — гэта будзе моцны крок», — заявіў Някляеў.

Кандыдат лічыць, што выбары ўжо можна лічыць недэмакратычнымі, і ні Расія, ні ЕС іх прызнаваць не павінны: «Калі ЕС прызнае гэтыя выбары, то гэта будзе ўжо занадта «Рэалпалітык».

Звяртаючыся да Лукашэнкі, лідар кампаніі «Гавары праўду» зазначыў: «Ён абвінаваціў мяне ў сувязях з Расіяй, сказаў, што мае доказы і схаваўся.

Факты — на тумбачку! Хай прыйдзе на дэбаты і ў жывым эфіры пакладзе факты на тумбачку»,
 — заявіў Някляеў.

Лукашэнка, праўда, да Някляева не выйшаў, 8 снежня ён адляцеў у Маскву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?