Дэмакратычная партыя здабыла большасьць у Палаце прадстаўнікоў. Галоўным чынам дзеля расчараваньня выбаршчыкаў у палітыцы прэзыдэнта Буша.

Каб здабыць – упершыню пасьля 1994 г. – большасьць у абедзьвюх палатах, дэмакратам было патрэбна яшчэ 15 месцаў у Палаце прадстаўнікоў і яшчэ 6 у Сэнаце. Паводле апошніх вынікаў, Дэмакратычная партыя мае ў Палаце прадстаўнікоў на 21 мандат болей, чым раней, і, мажліва, атрымае яшчэ 10.

Кандыдаты ад рэспубліканцаў прайгравалі ў аўторак у выбарах у штатах усходняга ўзьбярэжжа, а таксама і ў правінцыйных, вясковых раёнах штатаў Сярэдняга Захаду – Індыяне, Агаё, Кентукі, дзе традыцыйна кіравалі кансэрватыўныя рэспубліканцы. Месцы страціў шмат хто з рэспубліканскіх вэтэранаў, якія мелі нязьменную папулярнасьць у сваіх акругах. Гэта вялікі шок для Рэспубліканскай партыі.

Сярод рэспубліканцаў падчас выбараў змаглі ўратавацца толькі тыя кандыдаты, якія выразна адмяжоўваліся ад свайго прэзыдэнта. Шмат хто нават не жадаў паказвацца разам з прэзыдэнтам, лічачы, што гэта зьнішчыць іх шанцы. Разьюшанасьць прэзыдэнцкага лягеру ў панядзелак вечарам выклікаў Чарлі Крыст, кандыдат на губэрнатара Флорыды. У апошнюю хвіліну ён адмовіўся выступаць разам з Бушам на мітынгу. І слушна – Крыст выйграў.

Сэнсацыяй можна назваць тое, што ніхто з дэмакратычных кангрэсмэнаў ня страціў свайго мандату.

– Спадзяюся, што Белы Дом уважліва глядзіць на тое, што адбываецца! – трыюмфавала Нэнсі Пэласі, дэмакратка з Сан-Францыска, якая стане новай старшынькай Палаты прадстаўнікоў. – Краіна патрабуе зьменаў, яна прагаласавала за новы кірунак у Іраку і ва ўнутранай палітыцы.

Няпоўныя вынікі паказвалі на перамогу дэмакратаў у барацьбе за месцы ў Сэнаце ў штатах Мантана і Місуры. У гэтай сытуацыі пра кантроль над верхняй палатай вырашаць выбары ў штаце Вірджынія. Пасьля падліку галасоў высьветлілася, што кандыдат ад дэмакратаў Джым Ўэб мае там каля 2000 галасоў перавагі над рэспубліканцам Джорджам Эленам, які яшчэ нядаўна быў зоркай сваёй партыі і сур’ёзным кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары 2008 г. Пра вынік у гэтым штаце вырашаць галасы, пасланыя поштай, будзе й перападлік галасоў. Працэдура можа цягнуцца нават некалькі дзён.

Калі б дэмакраты прайгралі ў Вірджыніі, у Сэнаце сфармавалася раўнавага 50/50. Тады вырашальны голас меў бы віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні, якому канстытуцыя дае такія паўнамоцтвы.

– Гэтыя выбары былі нэгатыўным рэфэрэндумам супраць прэзыдэнта і вайны ў Іраку, – сказаў пасьля перамогі адзін з кіраўнікоў дэмакратаў Рэм Эмануэль, кангрэсмэн з Чыкага. – Выбаршчыкі паказалі, што ім досыць вайны, скандалаў, карупцыі і фанабэрыі рэспубліканцаў.

– Гэта не канец кансэрватызму, а проста выказваньне антыпатыі да прэзыдэнта, – пракамэнтавала дарадца рэспубліканцаў Эмі Голмз. – Выбаршчыкі, якія раней падтрымлівалі Рэспубліканскую партыю, ня зьніклі і не зьмянілі раптам свайго сьветапогляду. Аднак яны ўжо сытыя Бушам і ягонымі людзьмі. Шмат хто з новых дэмакратаў выйграваў, бо яны вызнавалі моцна кансэрватыўныя погляды. У наступных выбарах, калі выявіцца, што ў дэмакратаў няма пляну для Іраку, для вайны з тэрарызмам, што яны хочуць падвысіць падаткі, выбаршчыкі вернуцца да Рэспубліканскай партыі.

Учора амэрыканцы выбіралі ня толькі ўсю Палату прадстаўнікоў і адну траціну Сэнату, але таксама 36 зь ліку 50 губэрнатараў. Арнольд Швацэнэгер зноў быў абраны губэрнатарам Каліфорніі. Папулярны актор i сябар Рэспубліканскай партыі яшчэ год таму цярпеў у Каліфорніі палітычную паразу за паразай. Аднак ён зьмяніў курс, заключаючы кампрамісы з дэмакратамі, правёў некалькі важных законаў, стараўся ня зьвязвацца з адміністрацыяй Буша і зноўку стаў фаварытам каліфарнійцаў.

Пра тое, як выбаршчыкам карцела пакараць прэзыдэнта Буша, сьведчыць параза аж на некалькі адсоткаў дасьведчанага сэнатара з Пэнсыльваніі Рыка Санторума. Ён быў пакараны за тое, што занадта блізка трымаўся прэзыдэнта.

Кіраўнікі дэмакратаў адразу ж паведамілі, што калі набяруць досыць галасоў у Кангрэс, дык не дапусьцяць працэдуры звальненьня прэзыдэнта, аднак Белы Дом мусіць падрыхтавацца да сэрыі расьсьледаваньняў у справе падрыхтоўкі да вайны ў Іраку ці абыходжаньня з ірацкімі вязьнямі.

– Шмат хто з дэмакратаў захоча як найхутчэй скончыць вайну ў Іраку, – кажа палітоляг Він Ўэбэр. – Калі кіраўніцтва партыі іх не падтрымае, шмат хто зь дзеячоў будзе расчараваны. A гэта можа паўплываць на атмасфэру прэзыдэнцкіх выбараў першай ступені 2008 г., калі дэмакраты будуць выбіраць кандыдата ў прэзыдэнты. Тады можа выйграць які-небудзь заўзяты антываенны актывіст.

Але нават калі кіраўнікі дэмакратаў выступяць за вывад войскаў з Іраку, гэта будзе мець толькі сымбалічнае значэньне. Лёс прысутнасьці ў Іраку, як і замежную палітыку ўвогуле, вызначае прэзыдэнт.

Дэмакраты паведамляюць, што павысяць мінімальны заробак (які некалькі год заставаўся на ўзроўні 5,15 даляраў за гадзіну) i зьліквідуюць падатковыя ільготы для самых багатых. Аднак без кампрамісу з прэзыдэнтам у іх няма шанцаў на больш глыбокія зьмены. Таму ніхто, напрыклад, ня кажа пра рэформы ў сыстэме аховы здароўя.

Мажліва, зацьвердзяць вялікую іміграцыйную рэформу, якую даўно прапаноўваў Буш, але ня меў для таго падтрымкі ў рэспубліканскім Кангрэсе. Гэта можа азначаць нейкую форму амністыі для 11 млн нелегальных імігрантаў.

Вольга Данішэвіч паводле артыкулаў (тут і тут) з gazeta.pl.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0