Пракуратура Мінскай вобласці правядзе дадатковую праверку па справе Алега Бябеніна. Яе мэта — высветліць матывы самазабойства журналіста. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед.

Ён патлумачыў, што рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было прынята 3 снежня ў сувязі з заканчэннем трохмесячнага тэрміну правядзення праверкі, а таксама «з-за адсутнасці падставаў для ўзбуджэння справы». Затым пракурор нагляду ў пракуратуры Мінскай вобласці адмяніў прынятае рашэнне і накіраваў матэрыялы на дадатковую праверку.

БелаПАН нагадвае, што цела Алега Бябеніна, аднаго з заснавальнікаў і кіраўнікоў сайта „Хартыя-97“, было знойдзена ў пятлі 3 верасня ў загарадным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. «Да праверкі абставін смерці журналіста прыцягваліся эксперты АБСЕ. У падрыхтаваным імі заключэнні сказана: вынікі ўскрыцця і рэчавыя доказы, сабраныя на месцы здарэння, „ясна сведчаць, што прычынай смерці стала самазабойства праз павешанне“. Шматлікія калегі і сябры журналіста, у тым ліку кандыдат на прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў, у чыю каманду ўваходзіў Бябенін, з версіяй самазабойства не згодныя.»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?