10 снежня ў Гомелі два невядомыя мужчыны напалі на ўдзельнікаў пікета, якія агітавалі за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку.

Як паведаміў мясцовы актывіст Юрый Захаранка, інцыдэнт адбыўся ў цэнтры горада, каля ўнівермага «Гомель», дзе ў адзін шэраг стаялі пікеты, якія агітавалі за дэмакратычных кандыдатаў Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева. Побач з імі пікет у падтрымку Лукашэнкі арганізавалі члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

«Мужчына ва ўзросце, з выгляду на падпітку, прайшоў міма нас і, ўбачыўшы партрэт Аляксандра Лукашэнкі, з якім стаялі два маладыя хлопцы, накіраваўся да іх, — паведаміў актывіст. — 

Спачатку ён проста плюнуў у бок актывістаў БРСМ, а потым, калі падышоў яго знаёмы, таксама з выгляду на падпітку, мужчына схапіў пластыкавы стэнд і паракуліў.

З яго выпаў папяровы партрэт дзейнага прэзідэнта. Адзін з хуліганаў падняў яго і разарваў на часткі».

«Мужчына рваў партрэт прэзідэнта са словамі: «ён нам жыць перашкаджае», — удакладнілі актывісты БРСМ.

Пікетчыкі выклікалі міліцыю, але нападнікам удалося ўцячы. Прыбыўшыя міліцыянеры апыталі членаў БРСМ і выклікалі патруль для пастаяннага дзяжурства на месцы пікета ў падтрымку Лукашэнкі, каб прадухіліць такія інцыдэнты.

Міліцыянеры вядуць пошук зламыснікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?