Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пачала збор фота- і відэаматэрыялаў пра факты прымусу выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні.

Актывісты кампаніі звярнуліся да грамадзянаў з заклікам дасылаць такія матэрыялы ім.

«Калі вы сталі ахвярамі ці сведкамі прымусу з боку адміністрацыі арганізацый (прадпрыемстваў, навучальных устаноў, адміністрацыі інтэрнатаў), дзяржаўных органаў або службовых асоб і здолелі зняць гэтыя факты на відэа, дасылайце гэтыя матэрыялы на адрас электроннай пошты: [email protected]», — гаворыцца ў звароце.

Праваабаронцы таксама прапануюць дасылаць «фотаінфармацыю, якая сведчыць аб прымусовым характары датэрміновага галасавання (графікі галасавання, патрабаванні аб інфармаванні адміністрацыі арганізацый аб вашым удзеле ў датэрміновым галасаванні і іншае)».

Усе атрыманыя фота- і відэаматэрыялы будуць выстаўляцца на сайце. Ананімнасьць гарантуецца.

Актывісты кампаніі падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам удзел у выбарах носяць добраахвотны характар і ніхто не мае права прымушаць грамадзянаў да ўдзелу або няўдзелу ў выбарах; прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні зьяўляецца грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і цягне за сабой устаноўленую законам адказнасць для асоб, якія ажыццяўляюць такі прымус.

«Усе такія факты павінны стаць публічнымі. Пра гэтыя факты павінна ведаць уся беларуская грамадзкасць, міжнародныя назіральнікі, а дзяржаўныя органы павінны даць гэтым фактам адпаведную прававую ацэнку», — падкрэслівае кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?