За тое, што тая адмовілася зачыніць фортку перад прыездам картэжу Лукашэнкі

Гэта гісторыя адбылася ў жніўні. Тады дзеля бяспекі кіраўніка дзяржавы супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ў 40-градусную спёку зачыніць форткі жыхароў аднаго з дамоў у сталічным мікрараёне «Вяснянка». Адной з жыхарак, якая адмовілася падпарадкавацца гэтаму загаду, не пашанцавала. Паводле яе словаў, узвод міліцыі Цэнтральнага раёна Мінска ўварваўся ў яе кватэру і прымяніў фізічную сілу.

Пацярпелая Алена Засценчык, выкладчыца аднаго са сталічных ВНУ, лічыць, што толькі пад ціскам суседзяў, якія чулі штурм яе кватэры і выйшлі на калідор, супрацоўнікі міліцыі перасталі выкручваць ёй рукі. Жанчына звярнулася з заявай у пракуратуру Цэнтральнага раёна.

Праваабаронца Сяргей Усцінаў, які дапамагаў Алене ў складанні скаргі, тлумачыць:

«Само патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі зачыніць форткі не заснавана на законе.

Ніводны нарматыўны прававы акт не прадпісвае патрабаванне зачыніць форткі жыхарам без іх згоды,

а недатыкальнасць жылля з’яўляецца неад’емным Канстытуцыйным правам грамадзянаў».

Пацярпелая атрымала нядаўна адказ з пракуратуры Цэнтральнага раёна. Там не пабачылі ў міліцэйскіх дзеяннях прыкметаў злачынства.

«Праверка, якая праводзіцца пракуратурай Цэнтральнага раёна, з’яўляецца не поўнай, не аб’ектыўнай і не ўсебаковай. Першапачаткова пацярпелай не было выдадзена накіраванне на праходжанне судовай медыцынскай экспертызы, не былі апытаны суседзі, якія бачылі адбывалае», — заявіў праваабаронца Сяргей Усцінаў. — Мы ўжо падалі скаргу на адмову ў завядзенні крымінальнай справы ў пракуратуру горада Мінска, і будзем далей дамагацца аб’ектыўнага расследавання гэтай справы» .

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?