Сяргей Вазняк, сябар ініцыятыўнай групы Някляева, быў затрыманы ў Мінску прыкладна ў 13.40 у аўторак.

Затрыманне адбылося непадалёк вуліцы Радыяльнай, на тэрыторыі, забудаванай гаражамі. Са словаў юрыста Раісы Міхайлоўскай, Сяргей Вазняк разам са сваім кіроўцам прыехаў туды, каб адрамантаваць стартэр у аўтамабілі. Падчас рамонту машына была акружаная людзьмі ў цывільным і адбылося затрыманне.

С.Вазняк паспеў паведаміць аб затрыманні начальніку штаба У.Някляева Андрэю Дзмітрыеву, які, у сваю чаргу, звязаўся з юрыстамі.

На дадзены момант невядомая прычына затрымання, невядома таксама, у чым абвінавачваюць С.Вазняка.

Як паведаміла ў гутарцы з карэспандэнтам «НН» Раіса Міхайлоўская, ніякай інфармацыі супрацоўнікі праваахоўных органаў пакуль не даюць.

Затрыманага даставілі ў Партызанскі РУУС.

За нейкі час спадара Вазняка адпусцілі без складання пратаколу. У гутарцы з карэспандэнтам «НН» ён распавёў, што сапраўднай мэтай паездкі на вуліцу Радыяльную быў не паламаны стартэр аўтамабіля, а друкаваная прадукцыя, якую кампаніі «Гавары праўду!» прапанаваў знаёмы спадара Сяргея. «Мы прыехалі туды, зайшлі ў гараж, але нават не паспелі распакаваць пакункі. адразу ж з’явіліся людзі ў цывільным, пачалі адзяваць наручнікі на прысутных. Але калі я паказаў пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы, то стаўленне змянілася. Мне прапанавалі паехаць у РУУС, каб даць тлумачэнні. Я не адмаўляўся», — распавёў спадар Вазняк. Ні гараж, ні друкаваная прадукцыя не належалі С.Вазняку, таму яго адпусцілі. «Я думаю, што гэта альбо спланаваная падстава, альбо проста людзі хацелі нам рэальна дапамагчы, але спецслужбы за імі прасачылі. Пратакол канфіскацыі друкаванай прадукцыі я не падпісваў. Яна мне не належала, гараж таксама. У дадатак туды бескантрольна заходзілі супрацоўнікі КДБ», — лічыць С.Вазняк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?