Калі абвесьцілі кампанію па зборы галасоў, думаў, ня будзе адбою ад ініцыятыўных груп. Сядзеў і чакаў. Не дачакаўшы, пачаў сам шукаць пікеты за альтэрнатыўных кандыдатаў. Безвынікова. Потым пачуў на "Свабодзе" (з Прагі!), што ля мэтро "Пушкінская" нейкая жанчына зьбірае подпісы. Паехаў - няма. І толькі праз два тыдні ўсе зборшчыкі подпісаў дружна сабраліся ў падземным пераходзе станцыі мэтро "Плошча Я.Коласа". Падпісаўся за каго хацеў, і на душы стала неяк спакайней. Потым, калі праходзіў міма плошчы Я.Коласа, дзеля цікаўнасьці глядзеў, як ідзе збор подпісаў. Сапраўды, падпісваюцца людзі сярэдняга і сталага веку і вельмі мала моладзі. Згодны, што ўжо вырасла новае пакаленьне цынікаў-прагматыкаў, якія больш думаюць не пра лёс Радзімы, а пра тое, чым напіхаць свой страўнік, чым абставіць кватэру, на якіх аўто разьяжджаць. Свабода, Праўда, Справядлівасьць ім не патрэбныя.

АШ заклікае грамадзян вылучацца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ("НН", №1). На справе ўсё выглядае інакш: у час фармаваньня камісій у іх адразу заносяцца "мёртвыя душы". Робіцца гэта дзеля таго, каб не дапусьціць да ўдзелу ў працы камісіі альтэрнатыўных чальцоў. Сказаць: прабачце, але наша камісія цалкам укамплектаваная, "вакансій" няма.

Дапусьцім, нехта з апазыцыянэраў прабіўся ў камісію. Але ці зможа ён працаваць у ёй? Камісія зьбіраецца даволі часта для вырашэньня розных пытаньняў, займаецца абсталяваньнем участку. Каму патрэбны такі сябар камісіі, які ў гэты час будзе сядзець дома ці на працы на другім канцы гораду, а потым прыйдзе на ўсё гатовае ў дзень выбараў. Таму трэба мяняць заканадаўства, патрабаваць галоснага падліку галасоў, каб не было так, што камісія моўчкі лічыць галасы, а потым старшыня адыходзіць за асобны столік, робіць выгляд, што доўга мучыцца, падлічвае галасы, а затым зачытвае зусім іншыя вынікі.

Пры канцы хачу падзякаваць "НН" за тое, што выходзіць рэгулярна і ў тэрмін. Гэта сьведчыць пра вашу адказнасьць, паважнае стаўленьне да чытачоў і ёсьць прыкметай эўрапейскай культуры. А вось у рэдакцыі "Народнай волі" ўсё па-старому, па-савецку: грошы сабралі, а далей - так ці гэтак неяк будзе. Заканчваецца студзень, а ніводны нумар "НВ" да мяне не дайшоў. Так бы і сказалі адразу, прыстойнасьць і сумленнасьць не гарантуем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?