Ведучы змаганьне за захаваньне нашай культуры, нават калі мы не перамагаем сёньня, мы перамагаем гістарычна. Піша Сяргей Харэўскі.

Падчас радыёфоруму на «Свабодзе» я атрымаў пытаньне, ці маглі б мы скарыстацца з досьведу суседзяў, напрыклад, у справе ратаваньня здабыткаў старасьвеччыны? Ці мы такія ўжо і тут адзіныя і непаўторныя?

На жаль, так. Беларусь сталася абсалютна ўнікальным краем у Эўропе, дзе вось ужо болей як 200 гадоў сьведама нішчацца помнікі тутэйшае гісторыі, а здабыцьцё незалежнасьці гэты працэс ня тое каб спыніла, а наадварот, паскорыла. Абсалютна ўнікальным ёсьць беларускае ноў-хаў: руйнаваць аўтэнтычныя помнікі цэлымі кварталамі, каб на іхным месцы паставіць кантрафактную нізкаякасную падробку. Што могуць памятаць такія «помнікі»? Вяршыняю гэтага абсурду сталася пабудова дамкоў «пад старыну» на версе трохпавярховага паркінгу на Нямізе. А чаму такіх цацак не панастаўляць у Малінаўцы ці ў Шабанах? Хай бы тамака таксама стала «красіва».

У выніку мы ўжо маем помнікаў меней, чым хто з суседзяў. А ўлада працягвае выкарчоўваць усё, што датычыць пэрыяду гісторыі да зьяўленьня першага прэзыдэнта. Нават у бязбожныя 1930-я г. у працэнтных суадносінах культавых помнікаў у Беларусі зьнішчалі больш, чым у Расеі ці ва Ўкраіне. Ня трэба тут мець адмысловае адукацыі, каб пераканацца ў тым, што блізу ўсе храмы Кіева і Масквы, Пецярбургу й Харкава ацалелі. А ў Менску ўжо перад вайною пусьцілі на друз паўтузіна сьвятыняў, між якімі й славуты сабор Сьвятога Духа, што амаль 300 гадоў быў сэнсавым цэнтрам і Верхняга места, і ўсяго старога гораду наагул... А па вайне, калі ўсе народы Эўропы імкнуліся як найпаўней аднавіць страчанае, узьняць з попелу й друзу свае сьвятыні, у Беларусі вайна працягвалася: штогод у нівошта ператваралі дзясяткі, сотні, тысячы ўнікальных здабыткаў нашае даўніны. Аднаўляць страчанае – няпроста. У літаральным сэнсе аднавіць помнік – немагчыма, як немагчыма ўдыхнуць жыцьцё ў самы добры твор таксыдэрміста.

Страты культуры заўсёды непапраўныя, як і чалавечае жыцьцё. Розьніца – у палітыцы аднаўленьня, у жаданьні нацыяў. Варшаву аднавілі яшчэ па гарачым прыску, а Дрэздэн – толькі ў нашым ужо стагодзьдзі. І розьніца прыкметная. Але сама гісторыя ўзнаўленьня стала сымбалем, напрыклад для палякаў. І недасканала адноўленыя дамы старое Варшавы – помнік, перадусім ваеннаму пакаленьню варшавякаў, іх мужнасьці, трываласьці й веры ў сваю будучыню. Ні па вайне, ні цяпер беларуская нацыя яшчэ ня бачыць уцямна сваёй будучыні, таму й ня надта дбае пра сваю гісторыю, нават зусім блізкую.

Гэтак і патрапіла, што літоўскія камуністы аднавілі Трокі, польскія – Гданьск, беларускія...

Яшчэ за савецкім часам я ня мог даць рады, спрабуючы спасьцігнуць, чаму ў Эстоніі й Малдове, Літве ды Грузіі помнікі дагледжаныя й ашчадна зьберагаюцца гістарычныя ляндшафты. А сакрэт раскрываўся проста: там помнікі Леніну ды «дошкі гонару» былі з бляхі ды кардону, а ў Беларусі – з бронзы ды мармуру. У некаторых райцэнтрах па інэрцыі ставілі бронзавых «правадыроў» нават у час незалежнасьці, а вось патынкаваць, абкасіць, падлатаць старасьвецкі дамок – «грошай няма». Таму ў нашых суседзяў выдатна зьберагліся тысячы помнікаў, адметныя ляндшафты ды сам гістарычны асяродак, а ў Беларусі – тысячы нягеглых савецкіх манумэнтаў. Вось тады, 60 гадоў таму, і была закла¬дзеная ідыёма: у дзяржавы на помнікі грошай няма! Калі ж грамадзтва пачало хвалявацца з прычыны нематываванага зносу ўсё большае колькасьці помнікаў, зьявіўся яшчэ адзін ідэалягічны штамп: усё панішчылі ў вайну немцы. Хоць і першае, і другое было відавочнай лухтою. Цяперашнім уладам куды цяжэй адбрэхвацца ад крытыкі.

Тое, што ў сёньняшняй дзяржавы няма сродкаў, – гэтаксама хлусьня! Калі паглядзець на фаервэркі, парады ды шоў «За Беларусь!», цяжка даць веры, што няма сродкаў. Калі гэтая ўлада гатовая ператварыць народныя грошы ў салютны дым, дык значыць праблема ня ў грошах, а ва ўладзе. Сёньня рэжым не шкадуе сілаў і сродкаў на сваю прапаганду, шанаваньне Сталіных-Дзяржынскіх ды розны псэўдагераічны тлум. Значыць, гэта проста праблема прыярытэтаў. Значыць, у гэтай дзяржавы таксама ня бу¬дзе грошай на нашыя помнікі, як і ў расейскіх і савецкіх акупантаў.

Ці могуць адныя помнікі быць даражэйшыя, важнейшыя за іншыя? Для адмыслоўца, проста для неабыякавага рупліўца – не. Бо як і для бацькоў ня можа быць менш любімых дзяцей. Асабіста мне бліжэйшы лёс тых помнікаў, што так ці інакш зьвязаныя з маім асабістым досьведам. Але толькі таму, што ўсё, што адбылося зь імі, адбылося на маіх вачах. Быў зьнішчаны найстарэйшы ў Беларусі чыгуначны вакзал, 1865 году, у Горадні, старасьвецкі, колішні Віленскі, вялізарны вакзал у сталіцы, цэлы Рынкавы пляц у Мазыры з крамамі, гімназіяй, майстэрнямі, проста хатамі й старымі дрэвамі. На маіх вачах зьнішчалі й Нямігу. Багата ўсяго, з розных эпох. І гэтага ўсяго ўжо ня вернеш. Неўзабаве будуць руйнаваць апошнія аўтэнтычныя дамкі пры вуліцы Вызваленьня (№4, 6), хутка ўжо дакончаць руйнаваць калярытны старасьвецкі квартал у Лошыцы... І так па ўсёй краіне. Нібы ўжо й зжыцца з гэтым пара, але пачуцьці несправядлівасьці й сваёй нямогласьці не даюць спакою.

Тым ня меней, я перакананы, што сёньня куды шырэйшае кола людзей, рупліўцаў нацыянальнае спадчыны, чым гэта было пры камуністах. Проста нават пры савецкім рэжыме не было такіх рэпрэсіяў. Тады, за часоў «Талакі», «Майстроўні» ды іншых моладзевых ініцыятываў, перадпэнсійнае начальства глядзела на тую моладзь як на сваю родную. Не было паразуменьня. Але й не было амону, вязьніцаў, гульняў у судовыя працэсы. Ушчувалі, цуглялі, не пускалі, але... давалі старонкі ў моладзевых газэтах, адкрыта друкавалі лісты ў «Звяздзе», «ЛіМе», «Вячэрнім Мінску», праводзілі круглыя сталы й адкрытыя абмеркаваньні праектаў. Рэзананс быў шматкроць большы, чым цяпер. Дый канфрантацыя гэтая нагадвала хутчэй канфлікт пакаленьняў, чым сьмяротны двубой, як цяпер. І маленькія посьпехі моладзевых ініцыятываў (адстойваньне Аляксандраўскага сквэру ці Малога гасьціннага двара ў Менску) надавалі аптымізму й сілаў. Сёньня самахоць зладзіць талаку дзе ў старым горадзе... роўна што зь бел-чырвона-белым прапарам прайсьці пра¬спэктам. Дарэчы, акурат моладзь з «Майстроўні» і «Талакі» стала авангардам змаганьня за незалежнасьць і дэсаветызацыю. Цяпер, выглядае, спачатку трэба выкарчаваць прычыну дзяржаўнага вандалізму й зьдзічэньня, каб прыступіць да плённай і творчай працы дзеля зьберажэньня, аднаўленьня й памнажэньня нацыянальных здабыткаў.

Часта задаюць мне пытаньне, куды б звазіць замежнага госьця ці якія помнікі могуць стаць трывалымі цэнтрамі турызму? Здабыткі гісторыі й дойлідзтва перадусім мусяць бытаваць для тых, хто зь імі (ці ў іх) жыве. Імі павінны натхняцца й ганарыцца мы самі, а пасьля ўжо й тое-сёе можна паказаць выпадковым паяж¬джанам ці цікаўным гасьцём. Самотны старадаўні храм за колькі дзясяткаў кілямэтраў ад райцэнтру пасярод калгасных палёў шараю беларускаю гадзінаю – гэта хіба ня лепшая прынада для турыстаў. Але ён існуе для нас! Помнікі мусяць існаваць самі па сабе, для нас і нашых нашчадкаў. У сьвятынях мы мусім маліц¬ца, а на курганах – маўчаць.

Турыстычны бізнэс і ахова гістарычных ляндшафтаў – рэчы малазьвязаныя. Прынамсі, ня тоесныя. Жаданьне распавесьці пра сябе цэламу сьвету – зразумелае. Але прага зарабіць вялікія грошы на ўласных сьвятынях і магілах продкаў – згубная. Гэтак думае цяперашні беларускі рэжым, аглядаючыся, што б яшчэ прадаць чым хутчэй і чым даражэй. Паколькі яны мала дзе бывалі, апроч СССР, то й вырабляюць з помнікамі тое, што выходзіць. Ну, адхапілі ў Адміністрацыю палац Радзівілаў у Нясьвіжы, ну, зруйнавалі там старасьвецкую вежу, зьнішчылі замкавы кало¬дзеж, сьпілавалі векавыя дрэвы, ну, зрабілі вялізарны пажар, залілі па зімовым марозе вадою з даха да падмуркаў, нанялі нейкіх шабашнікаў з Гомелю, што там усё пераламалі, а цяпер тлумачаць (!) нам што чвэрць (!) замку неабходна (?!) зруйнаваць... Ня думаю, што пасьля гэткага «эўрарамонту» Нясьвіскі палац застанецца ў сьпісе ЮНЭСКО. Гэта нагадвае гісторыю зьнішчэньня талібамі статуі Буды ў аўганскім Даміяне. Але талібы, прынамсі, шчырыя ў сваёй нянавісьці да скульптураў...

Немагчыма сабе ўявіць, каб гэткі вандалізм рабіўся б, каб палац належаў ўласна Радзівілам. Рэстытуцыя й прыватызацыя колішняй панскай маёмасьці – гэта адзіны спосаб зьберагчы ад зьнішчэньня тысячы помнікаў гісторыі й прыроды, да якіх у дзяржавы ніколі ня дойдуць рукі, нават калі й зьменіцца лад. Бо альтэрнатыва толькі такая: зьнішчэньне й зьдзічэньне альбо захаванае хараство й памяць, хай сабе й за панскім плотам. Дарэчы, развагі пра тое, што вось «прылятуць, разьбяруць», з таго ж шэрагу, што вакол Беларусі «сьціскаецца варожае кальцо». Досьвед краінаў, дзе была праведзеная рэстытуцыя (у розных варыянтах), сьведчыць, што ня надта й стае ахвочых займацца асэнізацыяй постсавецкай прасторы, марнаваць вялізарныя сродкі ў нашых потскамуністычных шыротах, калі й за меншыя грошы й зь меншымі высілкамі можна прыдбаць дом на цёплым моры. Таму нават самая радыкальная рэстытуцыя й прыватызацыя – не панацэя для нацыянальнае спадчыны Беларусі. Але хоць нешта.

Калі ж гаварыць пра асьветна-рэкрэацыйны патэнцыял для айчынных і замежных турыстаў, то гэта, пэўна, будуць Мсьціслаўшчына, Піншчына, Наваградчына, Полаччына, Слонімшчына, Мазыршчына, Браслаўшчына. Менавіта цэлыя рэгіёны з усім наборам патэнцыйных уражаньняў і ад паасобных помнікаў, і ад іх гістарычнага й прыроднага атачэньня. Прытым увесь год! Але гэта адбудзецца не раней, як зьменіцца цяперашні дзяржаўны курс, і зьменіцца ня зараз, а праз доўгія гады руплівае працы. Рэстаўратараў, эколягаў і... вольных гаспадароў. Тым часам дзяржава мусіць рупіцца пра ўсе помнікі рэгулярна. І штогод, штомесяц, штодзень мусяць праводзіцца КАНСЭРВАЦЫЙНЫЯ працы на ЎСІХ помніках. Аскабалкі нашае даўніны трэба берагчы ад дажджу й сьнегу, ад дзірвану й хмызоў. А найперш – ад вандалаў, «чорных» археолягаў ды проста хамаў, якія гнюсяць у старадаўніх мурах. Так, ахінутая якім шыфэрам ці рубэройдам руіна не прынясе імкліва грашовага скутку. Ня дасьць сёньня ж палітычных дывідэндаў. Але дасьць магчымасьць наступнаму пакаленьню давесьці помнік да ладу.

На жаль, усе негвалтоўныя захады дзеля выратаваньня і паасобных помнікаў, і цэлых ансамбляў вычарпаныя. Звароты, заявы, публікацыі, круглыя сталы й прэсавыя канфэрэнцыі пры гэтым ладзе – марныя. Больш за тое, зь лёгікі тае палітыкі, што праводзіцца рэжымам у галіне культурнае палітыкі апошнія 12 гадоў, можна зрабіць выснову, што яны ставяць на мэце дэідэнтыфікацыю Беларусі. Яны хочуць разбурыць нашую тоеснасьць – гістарычную, культурную, нацыянальную. За царамі ў Беларусі нявечылі й бурылі ўсё нерасейскае, за камуністамі – усё несавецкае. Каб сёньня была русіфікацыя ці саветызацыя, гэта было б прасьцей усьвядоміць. Але яны зьнішчаюць таксама помнікі часу Расейскай імпэрыі і нават савецкага часу. Чаму ў занядбаньні стаіць вялізарная Бабруйская крэпасьць, гісторыя якой наўпрост зьвязаная з імёнамі імпэратараў, пачынаючы ад Аляксандра І да Мікалая ІІ? Бо для ўладаў гэта няўяўны гістарычны маштаб. Яны не зазіраюць ні глыбей, ні наперад. Чаму не далі аднавіць манумэнт расстрэлу 1905 г. на Прывакзальнай плошчы? Усё з гэтай жа прычыны. З таго, што і бязьлітасна вынішчаецца ўсё беларускае, нават у вясковай глыбінцы. Трэба рабіць усё, што толькі мага! Выяўляць болей фантазіі, шукаць нестандартных хадоў. Досьвед дваццаці апошніх гадоў змаганьня за стары Менск сьведчыць вымоўна й адназначна: змаганьне паводле правілаў гульні, што прапанаваныя ўладаю, – марнае. Яны што задумалі – тое робяць, часьцяком адно дзеля таго, каб прадэманстраваць сваю ўсёўладнасьць. Таму трэба апярэджваць іх, дзе магчыма, каб вярэдзіць грамадзкую думку. У гэтым змаганьні, нават калі мы вонкава не перамаглі сёньня, мы перамагаем гістарычна. Тыя, хто сёньня адчайна змагаюцца за старую Горадню, за стары Менск, ствараюць мадэль будучае грамадзянскае супольнасьці адказных і неабыякавых людзей. Гэта тая «соль зямлі», што абавязкова спатрэбіцца вольнай Беларусі. Не непаўторнай у сваім вандалізьме, а звычайнай, эўрапейскай краіне.

Поўны тэкст наўпроставага форуму на радыё «Свабода» з удзелам Сяргея Харэўскага чытайце тутака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0