На птушкафабрыцы «Красная паляна» ў Жалезнагорскім раёне Курскай вобласці адбываецца масавая «ўтылізацыя» жыўнасці. Ужо знішчана больш за 1 мільён галоваў птушкі, расказваюць на фабрыцы, а на чарзе — яшчэ 3 млн.

Пры гэтым жывых куранят проста выкідваюць паміраць на марозе. Як тлумачыць кіраўніцтва найбуйнейшага ў Расіі пастаўшчыка мяса бройлераў, праз фінансавыя праблем куранят няма чым карміць.

«Дарослых птушанят бройлера скідаюць у яму, закопваюць і заворваюць трактарам. А самых маленькіх птушанят жанчыны-птушніцы ў слязах сотнямі тысяч выкідваюць у бочкі на мароз і заліваюць вадой», — апісваюць тое, што адбываецца, назіральнікі. Фотаздымкі і відэазапісы гэтага відовішча ўжо з’явіліся ў інтэрнэце і выклікаюць шок.

Птушкафабрыку нібыта «закашмарылі суд, судовыя прыставы, энергетыкі, АМОН, пракуратура і апрычнікі губернатара Курскай вобласці Аляксандра Міхайлава», піша выданне. Паводле яго дадзеных, кіраўніцтва фабрыкі 15 снежня мае намер звярнуцца да прэзідэнта і прэм’ер-міністра Расіі.

Як расказаў прэс-сакратар птушкафабрыкі Дзмітрый Наскоў, «ужо праз дзесяць дзён ад птушкафабрыкі нічога не застанецца». Дарэчы, менавіта ён выклаў у сваім блогу фота і відэа знішчэння жыўнасці.

Тым часам назіральнікі не выключаюць, што Жалезнагорскі раён Курскай вобласці можа ператварыцца ў новае Пікалёва. Фармальна праблемы комплексу звязаныя з увядзеннем на ім працэдуры банкруцтва, але назіральнікі бачаць у тым, што адбываецца, супрацьстаянне паміж «Адзінай Расіяй» і «Справядлівай Расеяй», адзначаецца ў публікацыі.

Чакаецца, што да вечара калектыў «Краснай паляны» накіруе зварот да прэзідэнта і прэм’ер-міністра РФ з просьбай разабрацца ў праблемах комплексу. Прадпрыемства з’яўляецца горадаўтваральным. На яго вытворчасцях занятыя больш за 1700 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?