У «Народную волю» прыйшла жанчына, каб расказаць як яе сына забіў сваяк міліцыянта і як яна шукала праўды.

Гэтую гісторыю я хачу расказаць усім тым, хто ў нас у Беларусі надта абураецца тым, што здарылася ў станіцы Кушчаўскай. Ужо не раз чула: «Гэта ж трэба што робіцца ў Расіі — і ўлада не звяртала ўвагі, і пракуратура бяздзейнічала, і міліцыя пакрывала! А вось у нас...»

Проста блюзнерства — спрачацца з тым, што тое, што адбылося на Кубані страшна і ненармальна. Але ў нас такія Кушчаўскія таксама ёсць. Толькі няма тэлеканала, на якім падымуць шум, шчыра раскажуць пра ўсё, заклічуць уладу да адказу, будуць патрабаваць пакараць усіх вінаватых — і тых, хто тварыў крымінал, і тых, хто яго пакрываў. У гэтым сэнсе ў нас сапраўды ціха...

Можна ўспомніць хоць бы банду Марозава з Гомеля. Можа быць, губернатара Якабсона адхілілі ад пасады за тое, што ён кіраваў спачатку горадам, а потым — вобласцю і ні вухам не чуў пра больш чым 30 нераскрытых забойстваў, пра ахвяраў, якіх спачатку катавалі, а потым скідвалі ў Сож? Або галоўнага следчага Гомельшчыны, а пазней і краіны Леаніда Глухоўскага пакаралі, бо ён добрасумленна «не ведаў» пра тое, што адбываецца, не бачыў паміж здарэннямі сувязі і адзінага почырку?

Не, не пакаралі. Наадварот, наблізілі да найвышэйшай улады. Хоць і горшыя, чым у Кушчаўскай, у Гомелі справы рабіліся.

Аднак я ўсё-ткі хачу расказаць не пра гомельскую справу, хай і з агаворкамі, але даведзеную да суду хоць бы тады, калі лідары банды настолькі абнахабіліся ад усёдазволенасці, што ў самым цэнтры горада, побач з уладай, пабудавалі сабе шыкоўныя хаты і рабілі ўсё, што хацелі. Я хачу расказаць зусім свежую, сённяшнюю гісторыю.

Днямі да нас у рэдакцыю прыйшла маленькая стомленая жанчына і, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы, папрасіла: «Дапамажыце дамагчыся, каб пакаралі забойцу майго сына». Дрыготкімі рукамі яна дастала з сумкі фатаграфіі прыгожага і жыццярадаснага маладога мужчыны — сына, доўга выплаканымі вачыма на іх глядзела і пачала гаварыць.

...Лета. Спякота. На беразе неглыбокага штучнага вадаёма, у якім нават дзеці купаюцца без асцярогі, адпачываюць і стары і малы, і свае, і прыезджыя. Як водзіцца, дарослыя кампаніі выпіваюць. Раптам паміж двума мужчынамі завязваецца сварка, якая пераходзіць у бойку. У канфлікт, каб заступіцца за аднавяскоўца, умешваецца сын маёй суразмоўніцы. Вынік — у вёсцы два пахаванні, дзве свежыя магілы на сельскіх могілках.

Бо па дзіўным збегу акалічнасцяў «вясковыя» пасля сустрэчы з заезджымі адпачывальнікамі дружна патанулі ў мясцовай «лужыне».

Ніхто ніколі ў гэтым дробным вадаёме не тануў, а тут у адзін дзень пайшлі на дно двое маладых здаровых мужыкоў, 20 і 30 гадоў. І гэта першае, што выклікае здзіўленне.

Другая дэталь. Калі адзін з мясцовых жыхароў ірвануў на шум да месца здарэння, то ўбачыў, як адзін з прыезджых скідае ў ваду хлопца. З крыкам: «Што ж ты робіш?» — кінуўся ратаваць. Але... Уявіце яго жах, калі ён вылавіў з вадаёма труп яшчэ аднаго, зусім іншага чалавека.

Выцягнуў на бераг, пачаў адкачваць. І з усіх адтулін — праз рот, вушы, нос — палілася не вада, як гэта бывае ў тапельцаў, а кроў.

Крыху пазней вылавілі і другі труп.

Прыезджыя самі тэлефанавалі ў міліцыю, самі з кімсьці размаўлялі па тэлефоне, нешта тлумачылі прыбылым людзям у форме. І... паехалі.

Маці, якая прыбегла на месца здарэння, з падзеяў таго жудаснага дня вельмі ярка чамусьці запомніла задыханага, спатнелага, з выгляду — відавочна «выдранага» з-за стала чалавека, які клапатліва адпраўляў назад у райцэнтр «хуткую», што таксама прыехала на выклік. «Я, як у запаволенай здымцы, да гэтага часу бачу гэтую карціну і цяпер разумею, што ён проста не даваў дактарам нармальна агледзець трупы», — кажа жанчына.

А глядзець было на што: на тапельцах былі відавочныя сляды збіцця і запечанай крыві.

Пра тое, што здарылася жахлівае забойства, гаварыла ўся радня, усе людзі, якія прыйшлі на пахаванне. І гэта не дзіўна, бо доказы, як кажуць, заставаліся нават на твары нябожчыкаў. Аднак заключэнне судмедэксперта было наступным: «Смерць ад асфіксіі. Патапленне». Прычым было прызнана, што патанулі мужчыны самі. Адпаведна, у распачынанні крымінальнай справы было адмоўлена.

Суразмоўніца дае мне чытаць сведчанні відавочцаў. На лісточках, выдраных са школьнага сшытка, жыхары вёскі, хто як умеў, пішуць, што бачылі. Адны — пра тое, што ніякіх слядоў збіцця на тапельцах да гэтага інцыдэнту не было. Іншыя — што калі аднаго з мужчын сталі адкачваць, з яго палілася кроў. Трэція — што гэта не было мірнае купанне.

Пытаюся: «А чаму вы носіце з сабой гэтыя лісточкі? Чаму не аддалі следчаму?»

— Дык ён не бярэ, шпурнуў мне ўсё назад са словамі: «Забярыце свае паперкі, няма ніякай справы і няма куды мне іх складаць».

— Але ж ёсць сведкі... Што кажуць людзі, якія былі ў кампаніі з гэтым прыезджым, яны ж не маглі нічога не бачыць?

— Дык іх і не пытаў ніхто, бо справа не заведзеная.

— Але вы ведаеце, хто гэта быў, да каго прыязджаў? Чаму, па-вашаму, яго выгароджваюць?

— Мне сказалі, што гэты чалавек з Барысава і што ў яго сваяк у крымінальным вышуку працуе. Напэўна, сваяку ён і тэлефанаваў, калі зразумеў, што людзі бачылі, як ён нашых хлопцаў у ваду кінуў.

— Вы абскардзілі адмову ў распачынанні крымінальнай справы?

— Дайшла да Генпракуратуры, але пакуль дабілася толькі эксгумацыі. Яны проста здзекаваліся з мяне, калі праводзілі гэта паўторнае ўскрыццё, спадзяваліся, што я страчу прытомнасць, пайду. Усё павольна рабілі, ляніва, з жудаснымі каментарамі. «Вось цяпер, — кажуць, — будзем адкрываць чэрап твайго сына, паглядзіш на яго мазгі... Ты сама гэтага хацела...» А калі адкрылі, зноў лінула кроў. Хіба так бывае ў тапельцаў? .. Я проста не ведаю, як гэта вытрымала. Сказала толькі: «Я сына свайго абараняю, а вы каго абараняеце — забойцу, які заўтра яшчэ каго-небудзь на той свет адправіць?» Маўчалі тады... Але я не веру, што гэтая, другая, экспертыза нешта дасць. Бо тады трэба будзе здымаць пагоны з тых, хто пакрываў забойства двух чалавек. Не пойдуць яны на гэта. Што захочуць, тое і напішуць у заключэнні, — праверыць жа няма каму.

Дзеля справядлівасці скажу, што вынікаў гэтай экспертызы, праведзенай пасля эксгумацыі, яшчэ няма. Так што надзея на тое, што маці, якая страціла сына, прайшоўшы шматлікія кабінеты і дайшоўшы да Генеральнай пракуратуры, усё-ткі даведаецца, па чыёй віне ёй давялося хаваць сваё дзіця, застаецца. Але ж не кожны знойдзе ў сабе сілы выстаяць пасля такога гора, не кожны наважыцца ісці на штурм сілавікоў, не кожны наогул сцяміць, да каго ў гэтай страшнай сітуацыі кінуцца.

Зрэшты, сама жанчына не верыць, што зможа дамагчыся расследавання.

— У нас у раёне ў міліцыі добрая статыстыка, калі пачытаць раённую газету, то злачыннасць мы даўно перамаглі. А забойства яны ў сваіх паперах паспяхова спісваюць на няшчасныя выпадкі і самагубствы. Я ж чаму па інстанцыях пайшла, не вытрымала? У мяне ж і мужа забілі. Але міліцыя сказала, што сам з лесвіцы ў клубе ўпаў.

— ???

— У яго чэрап быў праламаны, і ў ране засталіся такія дробныя каменьчыкі, як ад тынкоўкі на сцяне клуба. Але міліцыя напісала, што адбыўся няшчасны выпадак. Маўляў, разбіў галаву, зваліўшыся на роўнай і гладкай лесвіцы. Якая лесвіца?! Але тады не было ў мяне сіл па інстанцыях хадзіць, дамагацца расследавання. А вось цяпер сын — і тут ужо я не магу спусціць... Што ж гэта такое, дзе мы жывем? Чаму, нават калі ўсё здарылася сярод белага дня, калі людзі бачылі, усё роўна трэба хадзіць, пісаць, плакаць, прасіць, ездзіць у Мінск, дамагацца, каб завялі справу? І ведаеце, цяпер, калі яны зразумелі, што я не адступлюся, то кажуць: «Давайце мы справу вашага сына пакінем, а лепш расследуем даўняе забойства вашага мужа». Хіба гэта не здзек?

І не думайце, што гэта толькі я з такім сутыкнулася. У нас адна жанчына пайшла на пікнік, а потым яе знайшлі павешанай у лесе.
Міліцыя, вядома ж, напісала, што сама павесілася. Але пакажыце мне чалавека, які на пікнік бярэ з сабой вяроўку! Навошта? .. Але ім да лямпачкі — напісалі, спіхнулі і спакойныя. Не ведаю, як дзе, але ў нашым раёне міліцыя нічым сур’ёзным займацца проста не хоча. Яны толькі п’яных ловяць для справаздач. А самі проста ў форме прыязджаюць у краму і гарэлку закупляюць — людзей не саромеюцца. Калі ў цябе што-небудзь скралі, то трэба знайсці злодзея і за руку да іх прывесці, тады, можа быць, аформяць «раскрыццё». Вось бацькі другога загінулага хлопца і не спадзяюцца нічога дамагчыся. Яны простыя вясковыя людзі, ходзяць на магілку, плачуць... Мне кажуць: «Ты з адукацыяй, ты дамагайся. А мы куды пойдзем? Нас і слухаць не будуць». І не будуць, гэта я вам дакладна кажу, я не ў адзін кабінет са скандалам рвалася. Вы нават не ўяўляеце, як мы там, у вёсцы, жывем. Вось, я вам пра ўсё напісала...

Пачынаю чытаць лісты, спісаныя буйным акуратным почыркам школьнай настаўніцы, і выяўляю, што жанчына пра гэтае жудаснае ў сваёй штодзённасці бязмежжа напісала... апавяданне.

— А чаму апавяданне? Нехта ж можа не паверыць, падумае, што вы ўсю гэтую гісторыю пра нашу цудоўную краіну выдумалі. Што гэта страшная, але мастацкая выдумка. Можа, напішам артыкул, з адрасамі, з прозвішчамі, з цытатамі з афіцыйных адказаў?

— Разумееце... Я баюся. Бо і ў хаце спаліць могуць, а потым дадуць справаздачу, што сам сабой пажар адбыўся. Вы проста не ўяўляеце, што ў нас там робіцца. А ў мяне яшчэ ёсць дзеці... Не, артыкул не трэба. Я падумаю... Потым...

Вядома, пры такіх абставінах я не магу назваць дакладны адрас нашай Кушчаўскай, хоць ад абурэння проста рукі свярбяць. Скажу толькі, што гэта Віцебская вобласць. Не ведаю, як у міліцэйскага, пракурорскага і іншага начальства, але ў нас у рэдакцыі на віцебскіх сілавікоў неяк падазрона шмат скаргаў. Дружна яны там усе жывуць — і УУС, і пракуратура, і КДБ, з вялікім разуменнем адно да аднаго ставяцца. І статыстыка ў іх добрая: злачыннасць змяншаецца. Ціхае балота...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?