На сустрэчы з Лукашэнкам у Крамлі пасля рытуальных пасажаў для прэсы Пуцін, мяркуючы па ўсім, распачаў жорсткі прэсінг.

Напачатку сёньняшніх перамоваў Лукашэнка выказаў заклапочанасьць другараднымі пытаньнямі кшталту саюзнага бюджэту на 2007 год ды чарговага саміту СНД. Гаспадар сустрэчы таксама прамовіў нешта трывіяльнае пра рост узаемнага таваразвароту.

Гэта нагадвала дыялёг дзеля адводу вачэй. Памятаеце, як у Гогаля: а ты, кум, чым боты мажаш — дзёгцем ці здорам?

А вось потым, мусіць, пачалося...

Маскоўская прэса завастрае ўвагу на тым, што сустрэча адбываецца на ініцыятыву Пуціна. Падтэкст такі: беларускага "бацьку", маўляў, выклікалі на дыван.

Пастфактум прэсавай канфэрэнцыі не мяркуецца, так што варта арыентавацца на ўскосныя крыніцы.

Вось сьвежая нататка на сайце "РИА Новости". Гэтая агенцыя ёсьць рупарам расейскай кіроўнай эліты. З заяваў ананімнай крыніцы ў Крамлі вынікае, што Пуцін дапякае нафтавым аргумэнтам. Маўляў, ці ня час падзяліцца звышпрыбыткамі ад перапрацоўкі расейскага "чорнага золата"?

Гаворка ідзе, са слоў экспэртаў, пра лёс мільярдаў даляраў.

Звыш таго, беларускага кіраўніка засьцерагаюць ад "палітызацыі" газавага пытаньня (закранулі заявы на прэсавай канфэрэнцыі 29 верасьня ды пазьнейшыя выпады!). А таксама, мяркуючы па туманнай фразе пра неабходнасьць паглыбленьня валютнай інтэграцыі, змушаюць да пераходу на расейскі рубель.

Беларускі экспэрт Леанід Заіка наўпрост кажа, што кошт газу будзе залежаць ад таго, ці згодзіцца Лукашэнка прыняць валюту чужой дзяржавы.

Гэта вельмі нагадвае спробы загнаць у кут. Але загнаны ў кут зазвычай адбіваецца з патройным імпэтам.

Адно зразумела: як ад самага пачатку прадракалі прынцыповыя крытыкі "братняй інтэграцыі", настаў момант, калі яна вылазіць бокам усім беларусам. Бо рубам паўстае пытаньне нашай незалежнасьці.

Які б ні быў вынік сёньняшніх перамоў, плаціць за яе давядзецца дорага.

P.S. На сайце прэзідэнта Расеі паводле вынікаў сустрэчы зьявіліся тры радкі агульных словаў.

P.P.S. Мала што дадала і выніковая нататка БЕЛТА.

Канкрэтыка хіба ў тым, што гутарка з вока на вока доўжылася тры з паловай гадзіны. Пра яе схаваны за радкамі афіцыёзу драматызм, магчыма варты пяра Шэксьпіра, можна толькі здагадвацца.

Фота прэс-службы Прэзыдэнта Расеі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?