Зберажэнні Аляксандра Лукашэнкі ацэньваюцца ў 9 млрд даляраў, паведаміла 17 снежня брытанская газета Guardian са спасылкай на інтэрнэт-рэсурс WikiLeaks, які размясціў справаздачу амбасады ЗША ў Мінску ўраду сваёй краіны, датаваны 16 чэрвеня 2006.

У прыватнасці, Guardian публікуе рэзюмэ з дэпешы, засакрэчанай тагачасным амбасадарам ЗША ў Беларусі Джорджам Кролам.

У рэзюмэ паведамляецца, што эканамічны супрацоўнік амбасады атрымаў спіс 50 самых багатых алігархаў Беларусі з ацэнкамі чыстага кошту іх актываў. Кіраўнік беларускай дзяржавы «камфартабельна размясціўся на вяршыні спісу 50 самых багатых алігархаў краіны, паведамляюць амерыканскія дыпламаты», піша Guardian. Выданне паведамляе, што «ў непацверджаным спісе пераважаюць сябры Аляксандра Лукашэнкі».

У справаздачы амбасады ЗША таксама гаворыцца, што пошук у інтэрнэце дазволіў дыпламатам знайсці больш раннюю версію спісу, амаль ідэнтычную той, якая апынулася ў іх распараджэнні. Пры гэтым супрацоўнік амбасады не змог пацвердзіць крыніцы ці дакладнасць інфармацыі з спісаў, аднак ацаніў яе як «вельмі надзейную». Пералічаныя ў спісе людзі «мелі магчымасць узбагачацца, і дадзеныя паказваюць, што многія так і паступалі», гаворыцца ў дэпешы.

Публікацыю ў Guardian пракаментаваў кіраўнік прэс-службы кіраўніка Беларусі Павел Лёгкі. «Па-першае, гэта поўнае трызненне, — заявіў ён. — І вельмі паказальна, што не раскрываюцца крыніцы інфармацыі. Тое, што ніякіх крыніц не існуе ў прынцыпе, — гэта відавочна».

«Па-другое, — нагадаў кіраўнік прэс-службы, — у свой час Аляксандр Лукашэнка прапанаваў тагачаснаму прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу знайсці яго капіталы і забраць іх сабе. Бушу нават было накіравана адпаведнае пісьмо. Па-трэцяе, хачу спытаць: якім чынам у Беларусі можна выкрасці такія каласальныя грошы?»

«Так што дэпешу амерыканскага дыпламата, калі яна сапраўды існавала, — глупства сапраўды фантастычнага размаху», — лічыць Павал Лёгкі.

Магчыма, амерыканскія дыпламаты грунтаваліся на спісе самых багатых людзей Беларусі, які ў той час быў распаўсюджаны ў інтэрнэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?