18 сьнежня на пляцы каля Акадэміі навук сябры КХП-БНФ правялі сустрэчу выбарцаў. На ёй была агучана заява старшыні партыі Зянона Пазьняка.

У палітычнай заяве, якую прысутным зачытаў намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, даецца ацэнка папярэдняму галасаваньню, якое адбывалася «пад прымусам і гвалтам». Выбары, якія адбываюцца з парушэньнямі «ня могуць быць прызнаныя за дэмакратычныя і нармальныя, а галасаваньне за сапраўднае». Пра гэта сябры КХП-БНФ паведамяць назіральнікам АБСЭ і міжнародным арганізацыям.

Паводле заявы, «лёс фальшывых выбараў рэжыму (а па вялікаму кошту і лёс Бацькаўшчыны) апынуўся ў руках дзевяці спарынг-кандыдатаў, што фармальна супрацьставяцца Лукашэнку на фальшывых выбарах. Для перакульваньня ўсяго выбарчага фарсу дастаткова было, каб усе яны разам зьняліся з выбараў у знак пратэсту супраць прафанацыі папярэдняга галасаваньня і супраць незаконнага ўдзелу Лукашэнкі ў выбарах на чацьвёрты тэрмін. Падставы важкія. Магчымасьць унікальная, Пасьля гэтага магла стацца плошча герояў і плошча свабоды».

Прыняцьцё «вызначальнага рашэньня аб супольным выхадзе з выбарчай кампаніі» магчымае да 24 гадзін 18 сьнежня.

Зянон Пазьняк зьвярнуўся да дзевяці кандыдатаў на прэзыдэнта «зрабіць гэты супольны крок гонару».

«Пакіньце на ганебных выбарах аднаго Лукашэнку зь яго Ярмошынай і фальсыфікацыяй, і гісторыя Беларусі пойдзе іншай, лепшай дарогай», -гаворыцца ў заяве.

Таксама Пазьняк заклікаў выбаршчыкаў «ня ўдзельнічаць у фальшывым галасаваньні» і прапанаваў ужо цяпер стварыць рух «За новыя выбары без Лукашэнкі» і прыступіць да яго арганізацыі. Гэтую ідэю ўжо агучыў Ўладзімер Някляеў.

Юрась Беленькі адзначыў, што гэта заява ўзгоднена з Уладзімерам Някляевым.

Аднак Уладзімер Някляеў, які абяцаў прыехаць у 14 гадзін на сустрэчу, не прыехаў і спаслаўся на тое, што мае сустрэчу ў гэты час з прадстаўнікамі АБСЭ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?