45-гадовы Ґрэгам Гэндлі (Graham Handley) зь мястэчка Сканторп у паўночнай Англіі быў надзвычай шакаваны, калі ранкам пабачыў у сваім ложку незнаёмца, які спаў як пшаніцу прадаўшы. Гэта быў польскі імігрант, які вяртаўся з начной зьмены й памыліўся вуліцай і домам.

Паводле газэты «The Mirror», Гэндлі спачатку падумаў, што гэта ягоная жонка Лінда, але ж надта зьдзівіўся, калі тая адказала яму барытонам на незразумелай мове.

Няпрошаны госьць перавярнуўся на другі бок, а гаспадар выклікаў паліцыю, якой прыйшлося добра папацець, каб дабудзіцца прышэльца. 25-гадовы паляк павесяліў нават паліцыянтаў, калі спрасоньня сказаў ім «Co away!» (ідзіце прэч, адчапіцеся). Пераканаць пакінуць дом яго змог толькі самы шыракаплечы з праваахоўнікаў.

Паліцыя высьветліла, што паляк увайшоў у дом праз адчыненыя дзьверы задняга ходу, завітаў на кухню, дзе ўляпіў ладны кавалак чакаляднага пірага, а пасьля пайшоў адразу спаць.

Лінда Гэндлі ўначы ўстала да свайго 8-гадовае дзіцяці, якое кепска спала, дый заснула ў ягоным пакоі да ранку.

Апроч чакаляднага пірага, у доме Гэндлі нічога не пацярпела. Аднак няпрошаны госьць атрымаў ад паліцыі папярэджаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?