У Шклоўскiм раёне паблiзу вёскi Стараселле знайшлi зуб светлага колеру вагой 3,5 кiлаграма i даўжынёй 23 сантыметры. Аказалася, што гэта зуб маманта.

У маманта ўвогуле было чатыры зубы, i знаходка — гэта карэнны зуб жывёлiны, якая вымерла 10 тысяч гадоў таму. Зуб вельмi добра захаваўся, расказалi ў раённым музеi. Знайшоў яго аўтакранаўшчык Круглянскай МПМК-266 Васiль Пчэльнiкаў, якi працаваў ля Брынькаўскага лесу. Капалi ў пяску на глыбiнi прыкладна 2 метры i кранам паднялi дзiўную рэч. 38-гадовы Васiль цiкавiцца археалогiяй i таму адразу прызнаў зуб маманта.

Круглянскi будаўнiк перадаў сваю знаходку ў Шклоўскi музей, чым заслужыў вялiкую павагу яго супрацоўнiкаў. Спецыялiсты растлумачылi, што на «чорным» рынку косцi i зубы маманта каштуюць прыстойных грошай. Дарэчы, у той дзень, калi Васiль знайшоў зуб маманта, у яго нарадзiлася дачка, i мужчына справядлiва палiчыў гэта за добры знак!

Як распавяла навуковы супрацоўнiк музея Iрына Гапеева, знаходка хутка адправiцца ў Мiнск, дзе ў Белдзяржунiверсiтэце на кафедры палеанталогii зробяць радыёвугляродны аналiз зуба. Навукоўцы высветляць яго ўзрост: усё пытанне ў тым, належаў ён дагiстарычнаму маманту альбо адпавядае iншаму часу, калi з’явiлiся стаянкi чалавека. Дарэчы, стаянак палеалiту ў Беларусi ўсяго дзве, i ў Шклове спадзяюцца на сенсацыю: можа, на Шклоўшчыне будзе зарэгiстравана новая, трэцяя.

Дарэчы, зубы маманта ў гэтым раёне знаходзяць не ўпершыню. У 1925 годзе зуб, вельмi падобны на цяперашнюю знаходку па памерах, адкапалi на беразе Дняпра прама ў Шклове. Ён захоўваўся ў Магiлёўскiм абласным краязнаўчым музеi, але ў вайну, гавораць, згубiўся. А ў 1980-х гадах пры будаўнiцтве дарогi «Шклоў—Стараселле» была знойдзена частка клыка маманта. Ён захоўваўся ў музеi мясцовай школы, але не так даўно мамантавы клык, на жаль, скралi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?