Сродкі масавай інфармацыі ўжо нейкі час паведамляюць пра рашучае пагаршэньне адносінаў між Беларусяй і Расеяй, да якіх прычыніліся як канфлікт датычны цаны на расейскі газ для Беларусі, так і розьніцы ў поглядах на ўмовы стварэньня саюзьніцкай дзяржавы.

Нашым госьцем зьяўляецца Станіслаў Цёсэк - польскі палітык і дыплямат. У 1989–1996 гадох ён быў амбасадарам РП у Маскве, а таксама дарадчыкам прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскега.

Ці Польшча павінна нейкім чынам адрэагаваць на крызыс між Беларусяй і Расеяй?

С. Цёсэк Пакуль я ня бачу гэткай сытуацыі, якая прымушала б выказвацца па справе беларуска- расейскіх кантактаў. Нават калі яны маюць нейкія праблемы ва ўзаемаадносінах, то пацерпіць той „трэці», які будзе ў іх умешвацца й, скажам так, засоўваць палец паміж дзьверы. Яны ( Беларусь і Расея) дамовяцца й будуць мець да гэтага „трэцяга» прэтэнзіі.

Спадар амбасадар, а як, паводле Вас, будуць разьвівацца беларуска-расейскія адносіны ў будучыні?

С. Цёсэк Паводле мяне, яны будуць разьвівацца падобным чынам, як ва ўсёй гэтай (цэнтральна-ўсходняй) частцы кантынэнту. Зінтэграваная Заходняя Эўропа пашырылася на 10 краінаў. Цяпер Эўразьвяз паводзіць сябе, як зьмяя, якая праглынула карову й павінна яе ператравіць. Ён павінен прыстасавацца да зьменаў. Зразумела, я кажу гэта ў пераносным значэньні, бо ж мы хацелі далучыцца да эўрапейскай супольнасьці.

Чарговым этапам інтэграцыі будзе Ўсход. Будучыня Эўропы такая, што мы ўсе - і Беларусь, і Расея апынемся ў супольнай сям’і. Насуперак цяперашнім меркаваньням, гэта адбудзецца хутчэй, чым нам здаецца. У цяперашнія часы добрых кантактаў, пераплыву інфармацыі й набліжэньня між эўрапейцамі гэтыя працэсы праходзяць вельмі хутка.

Я - аптыміст, паколькі гэткія альбо іншыя праблемы ці людзі, якія апынуліся пры ўладзе, усё гэта часовае. Людзі ў Польшчы кажуць :„ Даўжэй будзе манастыр, чым ігумен». Значыць важная нацыя, народ і дзяржава, а ўлады зьмяняюцца. Калі гаворка ідзе пра гэтую справу, я стаўлюся да будучыні з аптымізмам.

Палякі вельмі ангажуюцца ў пытаньні, зьвязаныя зь Беларусяй? З чаго, паводле Вас, гэта вынікае?

С. Цёсэк Палякі кіруюцца адной асноўнай ідэяй. Калі ёсьць добры й бясьпечны сусед, якому пашанцавала, дзе людзям жывецца багата, то гэты сусед не сягае па чужое. Таму палякі нават з чыста эгаістычных прычынаў зацікаўленыя ў тым, каб іхным суседам добра жылося.

Апрача таго, стаўленьне палякаў да беларусаў вельмі зычлівае, адтуль і зацікаўленасьць польскай грамадзкай думкі ці польскіх эўрадэпутатаў пытаньнямі, зьвязанымі зь Беларусяй. Палякаў непакояць розныя зьявы, якія адбываюцца ў іхных суседзяў, але яны не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў. Было б вельмі дрэнна, калі б Польшча пачала выступаць з пазыцыі „мудрага брата». Гэта самая адмоўная сытуацыя, якая можа паявіцца ў адносінах з суседзямі.

Паводле мяне Беларусь дабілася трывалай незалежнасьці. Я таксама ня веру ў тое, каб беларускі народ ці эліты згаданай краіны хацелі адмовіцца ад сувэрэннасьці. Аднак перад працэсам інтэграцыі з Эўропай Беларусь захоча яшчэ нацешыцца незалежнасьцю, і гэта працягнецца, напэўна, не адзін ці два гады, але даўжэйшы час.

Спадар амбасадар, у якім напрамку, паводле Вас, будуць разьвівацца адносіны між Польшчай і Расеяй?

С. Цёсэк Розум падказвае, каб працягваць станоўчыя адносіны з Расеяй. Будучыняй Расеі зьяўляецца Эўразьвяз і Эўропа, а па дарозе знаходзіцца Польшча, зь якой яна будзе прымушаная наладзіць сэнсоўныя кантакты. Паводле мяне, гэта здарыцца даволі хутка. У сваю чаргу, Польшча таксама зацікаўленая ў тым, каб мець прыязнае атачэньне. Ва ўсёй Эўропе, асабліва ў Нямеччыне, назіраецца імкненьне да вырашэньня пытаньня месца Расеі ў аб’яднанай Эўропе. Гэта ня будзе магчымае без станоўчых адносінаў між Польшчай і Расеяй.

З былым амбасадарам РП у Маскве Станіславам Цёсэкам размаўляла Анна Задрожна

Фота Radio Muzyka Fakty

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру