Аляксандр Лукашэнка падзякаваў місіі назіральнікаў ад СНД за ацэнку выбараў у Беларусі.

Сустракаючыся 21 снежня ў Мінску са старшынёй Выканкама СНД Сяргеем Лебедзевым, Лукашэнка «падзякаваў у яго асобе ўсёй місіі за праведзеную ёю каласальную работу», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

«За тое заключэнне, якое прагучала з вашых вуснаў, я вам вельмі ўдзячны. Мне здаецца, што тут няма ніякіх нацяжак. Калі раптам нейкія шурпатасці былі, вы скажыце. Вы чалавек зацікаўлены ў тым, каб у краіне быў парадак, каб яна развівалася. Гэта не чужая вам краіна», — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, для назіральнікаў «былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы, яны мелі доступ да любых участкаў і валодалі масай інфармацыі».

Лукашэнка заявіў, што ў дзяржавы было жаданне ператварыць выбары ў свята: «Ніякага тут фарса не было.

Гэта падзяка нашаму народу за яго цярпенне, за тыя поспехі, якія былі».

«Мы сапраўды мелі свабодны доступ на ўсе выбарчыя ўчасткі, ва ўсіх органах улады прадастаўлялася неабходная інфармацыя, — сказаў Лебедзеў. — Мы ўсюды сустракалі падтрымку, адчувалі адкрытасць усіх структур улады, адчувалі дапамогу ў нашай працы. І гэта дапамагло выканаць нашу задачу — уважліва, аб’ектыўна, што важна, бесстаронна ацаніць ход падрыхтоўкі прэзідэнцкіх выбараў, сам працэс галасавання, падліку галасоў».

Ён падкрэсліў, што ацэнка, якую зрабіла місія СНД, — гэта аднадушная думка ўсіх прадстаўнікоў дзевяці дзяржаў Садружнасці, якія ўваходзілі ў яе склад.

Выканаўчы сакратар СНД выказаў меркаванне адносна таго, чаму ў выніку разышліся ацэнкі назіральнікаў місій ад СНД і АБСЕ. Паводле яго слоў, 19 снежня назіральнікі місіі ад СНД сустракаліся з дастаткова шматлікай дэлегацыяй ад АБСЕ. Ацэнкі дзвюх місій былі вельмі блізкія наконт працэсу і падрыхтоўкі выбараў, галасавання. «Назіральнікі ад АБСЕ тады прызнавалі, што гэты працэс дастаткова адкрыты. Назіральнікі ад Захаду сустракалі такую ж адкрытасць і добразычлівы падыход з боку ўсіх структур улады. Нідзе не рабілася ніякіх перашкод для іх працы. Але, на жаль, ацэнка змянілася 20 снежня», — сказаў Лебедзеў.

«Аднак мы лічым, што тое, што адбылося вечарам у Мінску, зусім не звязана з выбарамі. Выбары толькі паслужылі падставай для таго, каб ажыццявіць гэтую правакацыю», — заявіў выканаўчы сакратар СНД.

«Значная частка гутаркі» Лукашэнкі і Лебедзева была прысвечана абмеркаванню стану спраў у СНД, працы Выканкама СНД і яго штаб-кватэры ў Мінску, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру