Вайсковы лётчык зь Ліды Канстанцін Ябораў узнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасьць» за сьмелыя і рашучыя дзеяньні ў абставінах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця, – паведамляюць у Міністэрстве абароны Беларусі.

Указ пра ўзнагароду Канстанціна Яборава кіраўнік дзяржавы падпісаў 9 лістапада.

У вайсковым ведамстве адзначылі, што 26 чэрвеня бягучага году намесьнік камандзіра ў лётніцка-мэтадычнай падрыхтоўцы 206-й штурмовай авіяцыйнай базы падпалкоўнік Канстанцін Ябораў удзельнічаў у вучэбных палётах эскадрыльлі самалётаў Л-39, якіх рыхтавалі да пералёту на аэрадром Мачулішчы дзеля падрыхтоўкі да вайсковага параду. На ўзьлёце ў Канстанціна Яборава адвалілася кола. Пазьней камісія ў расьсьледаваньні прыйшла да высновы, што гэта было выклікана канструкцыйна-вытворчай заганай вузла шасі, якую не было як выявіць.

Канстанцін Ябораў вырашыў, што здолее выратаваць машыну і пасадзіць самалёт «на пуза». Больш як гадзіну ён кружляў над аэрадромам базы, вырабляючы паліва. На апошняй сотні літраў паліва Л-39 пачаў заходзіць на адмысловую грунтовую пасадкавую паласу. Перад самай сустрэчай зь зямлёй лётчык выключыў рухавік, вымкнуў электрычнасьць, прыбраў ногі з панажоў і прытуліўся да сьпінкі сядзеньня. На хуткасьці больш як 200 км/г самалёт прасьлізгаў па грунце ля 150 мэтраў і спыніўся. У выніку пасадкі ані лётчык, ані самалёт амаль не пацярпелі. Поўнае мэдычнае абсьледаваньне пацьвердзіла, што Канстанцін Ябораў можа працягваць палёты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?