У цэнтры Багдаду ў аўторак было ўчыненае масавае выкраданьне. З установы Міністэрства вышэйшай адукацыі былі выкрадзеныя каля 125 мужчынаў, паведамляе BBC.
Паводле словаў відавочцаў, выкрадальнікаў было каля 80, яны былі апранутыя ў форму спэцпадразьдзяленьняў міністра ўнутраных спраў. Яны пад’ехалі да будынку на дваццаці пікапах і перакрылі дарогі.
Жанчынам было загадана сабрацца ў адным пакоі, а мужчынам, у ліку якіх былі супрацоўнікі, ахоўнікі й наведнікі, – у іншым. Затым мужчынам, сярод якіх былі як шыіты, так і суніты, узьдзелі кайданкі й зьвезьлі ў невядомым кірунку.
Між тым Reuters паведамляе, што баевікі зьвезьлі толькі іракцаў-сунітаў. Паводле зьвестак інфарматара агенцтва, нападнікі правяралі ў людзей дакумэнты, каб адлучыць сунітаў ад шыітаў.
Уся апэрацыя заняла каля 20 хвілінаў.
Кіраўнік камітэту па адукацыі ірацкага парлямэнту Алаа Макі перарваў трансьляцыю па тэлевізіі паседжаньня заканадаўчага сходу і аб’явіў пра здарэньне, а таксама заклікаў прэм’ер-міністра краіны і міністраў абароны і ўнутраных спраў тэрмінова адрэагаваць на здарэньне, якое ён назваў «нацыянальнай катастрофай».
Міністар вышэйшай адукацыі Абэд Тэйяб загадаў зачыніць усе ўнівэрсытэты й мадэрнізаваць сыстэмы бясьпекі ў навучальных установах. «Я не хачу, каб прафэсары зноў гінулі», – сказаў ён і дадаў, што і раней прасіў міністэрствы абароны і ўнутраных спраў абараніць унівэрсытэты і ўправы, якія адносяцца да ягонага ведамства.