Дэпутаты нямецкага Бундэстагу Марылюіза Бэк і Гэорг Шырмбэк, а таксама кіраўніца беларускай рэдакцыі радыёстанцыі «Нямецкая хваля» Карнэлія Рабіц і незалежны журналіст Інга Пэтц не атрымалі беларускіх віз. Паводле афіцыйнай пазыцыі беларускіх уладаў, нявыдача візаў – «сымэтрычныя захады» ў адказ на забарону на ўезд у краіны ЭЗ шэрагу беларускіх функцыянэраў.

Інга Пэтц, які называе Беларусь сваёй другой радзімай, так камэнтуе рашэньне беларускага МЗС: «Для мяне гэта эмацыйны шок, бо я маю шмат сяброў у Беларусі. Я прывязаўся да гэтай краіны і яе людзей. Ня ведаю, ці часовая гэта забарона на ўезд. Я атрымаў пашпарт поштай з прылепленай да яго цыдулкай: «Бязь візы». І надалей буду пісаць пра Беларусь, але рэпартажаў, відаць, нейкі час больш ня будзе... Я засмучаны, бо заўжды спрабую расказваць у сваіх артыкулах пра невядомыя на Захадзе бакі Беларусі – культуру, гісторыю.

У Нямеччыне чуваць спрэс «Лукашэнка» ды «апазыцыя», што цалкам скажае карціну жыцьця ў краіне. Забаронай на ўезд беларускі ўрад рэжа сябе па жывым і паказвае сваю слабасьць. Узмацняецца ізаляцыя краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0