У шахматы на Віцебшчыне гуляюць з часоў Усяслава Чарадзея. «У шахматах яны [беларусы з Полацку] такія майстры, што ня ведаю, ці зможа які іншы народ зраўняцца зь імі ў гэтай гульні!» — пісаў нямецкі вандроўнік Паўль Одэрборн у канцы XVI ст…

Але абласной фэдэрацыі стукнула ўсяго 10 гадоў. Дзеля гэтай даты ў шахматна-шашачным клюбе была зладжана цэлая нізка імпрэзаў. Цікавым выйшаў матч Віцебск vs Віцебшчына, які скончыўся нічыёй: 32:32. Найлепшых вынікаў у мініматчах дасягнулі ўдзельнікі вышэйшай лігі Беларусі: Віталь Цецераў з Наваполацку і віцьбіч Мікіта Маёраў.

У сярэдзіне студзеня чэмпіён Беларусі, 33-гадовы магілёвец Анатоль Фёдараў, пераканаўча выйграў адкрыты турнір у Дэлі (9 балаў з 10), прычым абышоў ажно 18 «гросаў». Яго рэйтынг адпачатку быў самы высокі, але ня толькі рэйтынгам вымяраецца сіла шахматыста. Сп.Фёдараў па-філязофску ставіцца да шахмат, трымае ўдары. Зараз варта чакаць ад тандэму «Аляксандраў—Фёдараў» узьлёту на традыцыйным супэрспаборніцтве «Аэрафлёт-оўпэн», што пройдзе ў лютым.

Надоечы па 70 гадоў споўнілася Анатолю Аліпаву і Ўладзімеру Сычову. Сп.Анатоль — старэйшы трэнэр менскай СДЮШАР-11, які адшукаў і выхаваў Юр’я Ціханава, сп.Уладзімер найвядомейшы ў краіне складальнік задач і этудаў. Сычоўскія творы неаднакроць траплялі ў «Альбом ФІДЭ», узорнае выданьне для кампазытараў усяго сьвету.

Юбіляраў яднае самастойнасьць поглядаў на спартовае ды каляспартовае жыцьцё, заўсёдная гатовасьць змагацца за справядлівасьць у шахматах. Не зважаючы на век і занятасьць (абодва прафэсійныя арбітры), часам яны і ў вочных турнірах выступаюць: А.Аліпаў, напрыклад, на 1 студзеня меў паказьнік ЭЛА 2064.

Далучаемся да віншаваньняў на адрас гэтых заслужаных дзеячаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0