Калядным рэцэптам з чытачамі “НН” падзялілася Ірына Пятровіч з Ашмяншчыны.

Гэтую страву у нашай сям’і абавязкова рабілі на свята Божага нараджэння.

Я яшчэ памятаю, як бабуля пякла праснакі -- круглае сухенькае пячэнне з поснага цеста. Пазней ролю праснакоў ігралі сушкі -- спецыяльна на свята ванільныя сушкі прывозілі з горада.

Для маку: мак, цукар па смаку

Для праснакоў: 2 ст. лыжкі мукі, вада, соль

Мак на ноч заліць вадой, раніцай ваду зліць, а мак добра расцерці таўкачыкам у ступцы (можна некалькі разоў прапусціць праз мясарубку). Расцёрты мак развесці кіпячонай вадой да кансістэнцыі малака (або трохі гусцей). Гэта будзе соус да праснакоў ці сушак.

Замясіць поснае цеста, тонка раскатаць, выразать шкляначкай праснакі, спячы на падпыленай мукой блясе, адзін раз перавярнуўшы. Гатовыя праснакі павінны быць сухімі, храбусткімі.

Паліць праснакі соусам з маку або мачаць іх у соус.

Частку соусу з маку можна пакінуць да куцці і аўсянага кіселю -- іншых традыцыйных калядных страваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0