Падчас дасьледаваньняў, што праводзіліся ў групе з больш як 200 дзецьмі, навукоўцы з шатляндзкіх унівэрсытэтаў Стэрлінгу i Глазга заўважылі, што дзеці ў 6-8 гадоў рэагуюць на выяву тэлевізара гэтаксама, як алкаголікі – на здымкі алькагольных напояў.
Псыхалягічныя дасьледаваньні даказваюць, што глядзеньне на твары зьяўляецца прыроднай схільнасьцю людзей ад самага нараджэньня. Тым часам з назіраньняў шатляндзкіх экспэртаў вынікае, што вялікая колькасьць дзяцей аддае перавагу выявам, зьвязаным з тэлевізіяй.
У экспэрымэнтах да гэтага часу выкарыстоўваліся, як правіла, здымкі такіх прадметаў, як дрэвы, расьліны, ежа ды іншых рэчаў, што сустракаюцца ў штодзённым жыцьці, аднак усе яны прайгравалі выявам чалавечых твараў.
Вынікі найноўшага дасьледаваньня выклікаюць занепакоенасьць у дасьледчыкаў. «Відаць, нас не павінна гэта зьдзіўляць, бо тэлевізія і насамрэч паглынае дзіцячую ўвагу, аднак гледзячы на твары іншых людзей, чалавек вучыцца сацыяльным узаемадзеянням, тады як тэлевізія ня можа даць нам такіх пазнаньняў, і гэта нас непакоіць», – камэнтуе вынікі дасьледаваньняў доктар Маркус Біндэман.
Малюнак healingdaily.com