Не зарэгістравалі ініцыятыўнай групы на вылучэньне лідэра ПКБ Сяргея Калякіна кандыдатам у дэпутаты Менскай гарадзкой рады на Куйбышаўскую выбарчую акругу сталіцы. Як высьветлілася, спрычыніліся да гэтага чацьвёра зь дзесяці чальцоў ініцыятыўнай групы, якія заявілі, што іх улучылі ў склад групы бязь іхняй папярэдняй згоды. Усе чацьвёра – студэнты сталічных ВНУ.

Са словаў С.Калякіна, уперад адміністрацыя ВНУ аказала ціск на студэнтаў, каб тыя пагадзіліся зрабіць такія заявы. «Гэта яшчэ раз паказвае, што выбараў у Беларусі ня будзе», – мяркуе лідэр ПКБ.

Паводле словаў лідэра камуністаў, улады перадусім спрабуюць блякаваць актыўнасьць лідэраў апазыцыі, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе наяўныя сродкі. Аднак, як зазначае палітык, падобныя дзеяньні ня змогуць выключыць лідэраў дэмакратычных сілаў з перадвыбарнай кампаніі.

Учора стала ведама пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандра Бухвостава і Генадзя Фядыніча, а таксама намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука. Перад гэтым не зарэгістравалі ініцыятыўнай групы лідэра АГП Анатоля Лябедзькі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?