Як стала вядома «Нашай Ніве», у суботу КДБ правяло ператрусы
 на кватэрах у Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара Саннікава; Уладзіміра Халіпа, бацькі Ірыны Халіп — у якасці панятога Халіпы паклікалі паэта Сяргея Законнікава; актывісткі «Маладога Фронту» Насты Палажанкі; актывіста дэмакратычнага руху Вячаслава Сіўчыка і праваабаронцы Алега Воўчака, Змітра Бандарэнкі — даверанай асобы Саннікава. Абшуквалі кватэры незалежнага назіральніка Алеся Капуцкага і бацькоў актывіста кампаніі «Гавары праўду» Юрыя Алейніка ў Маладзечне, Аляксандра Арастовіча, даверанай асобы Мікалая Статкевіча.

Прыйшлі з ператрусам і да маці рэдактара сайта «Хартыя’97» Наталлі Радзінай, Надзеі. Забралі кампутар. Сама Наталля цяпер знаходзіцца ў СІЗА.

У Мінску прайшоў вобшук на кватэры кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, а пасля ў яго ў штабе. У якасці панятога жонка арыштаванага Міхалевіча выклікала людзей з сядзібы БНФ.

Таксама сакратарцы офіса Аб’яднанай грамадзянскай партыі патэлефанавалі з КДБ і папрасілі прыехаць адамкнуць офіс для ператрусу.

Ператрусы адбыліся і ў Салігорску ў Паўла Батуева і іншых актывістаў нацыянальнага руху.

Збольшага кадэбісты канфіскоўвалі кампутары.

Сёння ж прайшлі допыты кіраўнікоў Партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, Валера Ухналёва, Анатоля Лашкевіча. Іх дапытвалі ў якасці сведкаў па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Пасля дзвюхгадзіннага допыту іх адпусцілі. З іх узята падпіска пра неразгалошванне.

«Псіхозам праваахоўных органаў» назваў гэтыя падзеі кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алег Гулак.

У месцах збору дапамогі арыштаваным уведзеныя павышаныя меры перасцярогі.

Вось такога тыпу ордэры на вобшук прад'яўлялі гэбісты.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру